Загадка з адным вядомым



Неяк пасля вясноўскай вулічнай актыўнасці адзін мой знаёмы пажартаваў, што на месцы ўлады ён ніколі не зачыняў бы тэму так званых дармаедаў. Справа ў тым, што штрафы за вулічныя акцыі былі настолькі вялікімі, што яны хіба добра папоўнілі дзяржаўную скарбонку. Таму задачу ўказа па “дармаедах” можна лічыць часткова выкананай. Бо яна мела адной з мэтаў акурат папаўненне той дзіравай скарбонкі. А якая розніца, хто туды пакладзе грошы, дармаеды, ці тыя, хто выйшаў змагацца за іх правы. Грошы ж не пахнуць. Гэта яшчэ з часоў старадаўняга Рыму вядома. Хоць дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што грамадзяне старадаўняга Рыму хоць і ведалі гэтую прымаўку пра грошы, якія не пахнуць, але пра дармаедскі збор, як і пра тое, пахне ён чым, ці не, нічога не чулі.

На той момант гэты жарт выклікаў усмешкі ў прысутных. А вось зараз ужо не да смеху. Начальнік краіны, дзе жывуць беларусы, аддаў загад пра новую рэдакцыю свайго славутага ўказа. Маўляў трэба ўлічыць усе пралікі мінулай версіі, выправіць усе недапрацоўкі і пакласці на стол дакумент які прымусіць працаваць або плаціць.

Задача канешне перад чыноўнікамі пастаўленая архіскладаная. Справа ў тым, што ім няма дзе спісаць гэты закон. Бо аналагаў яму ў сучасным свеце ніхто не ведае. Куды ні кінься –  ідуць адваротныя працэсы. Недзе праводзяць рэферэндум каб кожны грамадзянін атрымліваў ад дзяржавы неабходны мінімум. А ў некаторых месцах і без рэферэндумаў прымаецца рашэнне зрабіць нешта падобнае. У кожным разе Еўропа рухаецца ў такім кірунку, калі кожны яе жыхар будзе атрымліваць нейкую суму па факце свайго сталага пражывання ў сваёй краіне і ўсе грамадзяне Еўразвязу змогуць не клапаціцца пра неабходны для жыцця мінімум. Зрэшты яны і зараз не асабліва напалоханыя перспектывамі галоднага існавання.

Таму беларускім чыноўнікам прыйдзецца рыцца не ў еўрапейскім заканадаўстве, а ў старадаўніх архівах і старанна вывучаць самыя антычалавечыя аспекты прыгоннага права або асновы камуністычнай калектывізацыі ці чужаземнай акупацыі, каб знайсці хоць нешта патрэбнае. Бо каб напісаць такі закон з нуля, хоць неяк аргументаваць яго і знайсці прывязку да логікі і Канстытуцыі, хоць да якой Канстытуцыі ў свеце, гэта запатрабуе вельмі дасканалых і неверагодна руплівых гістарычных пошукаў. Можа нават прыйдзецца вывучаць лад жыцця даканібальных чалавечых супольнасцяў. Можа там знойдзецца нешта карыснае. Хоць я вельмі сумняваюся.

Праўда тое, што новая рэдакцыя ўказа ўсядно будзе прынятая і тое, што яна будзе пакладзена на подпіс у вызначаныя тэрміны, сумнявацца не прыходзіцца. Такі пасыл ужо атрымалі і грамадства ў цэлым, а таксама і апазіцыя і міжнародная супольнасць. Налёт на незалежны прафсаюз РЭП даходліва гаворыць пра тое, што на гэты раз улада настроена рашуча. І што лепш яе больш не нерваваць з падтрымкай і РЭПам і іншымі апазіцыйнымі арганізацыямі мажлівых вулічных акцый. І што больш дэкрэт аддавацца на дапрацоўку ці перапрацоўку не будзе. Вось якую версію мы хутка ўбачым, тая і будзе зацверджаная. І па ёй і прыйдзецца жыць беларусам.

Загадкай застаецца толькі тое, навошта гэты дэкрэт патрэбны самой уладзе? Лічыць, што дармаедаўскія грошы могуць уратаваць эканоміку краіны, даволі наіўна. Гэтак жа наіўна, як думаць што ўлада гэтага не ведае. Усё спісваць на ўпартасць таксама недарэчна. Дзеля таго, каб прасоўваць ажно настолькі непапулярную рэч, павінны быць значна больш важкія аргументы. І мажліва такія, пра якія нават сама беларуская ўлада не здагадваецца. Не сакрэт, што досведам першага “дармаедскага” ўказа вельмі зацікавіліся ў расейскай Думе. Мяркую, там вельмі заангажаваныя ў канчатковым апрабаванні і завяршэнні гэтага сацыяльнага эксперымента. Каб прымяніць у сябе. І зноў жа не для эканомікі, а для пачатку іншых пераўтварэнняў. Такіх як закрыццё межаў, пазбаўленне пашпартоў, прымусовая калектывізацыя і ўсё астатняе прымусовае…Ну і канешне ж вялікая імперыя. Калі савецкая, то абавязкова з усімі тэрыторыямі якія ўваходзілі ў СССР. Калі Расейская, то і таго больш.

Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ