Беларусы аддалі ў дзяржаўную казну 65 мільярдаў рублёў



Такія афіцыйныя звесткі ад беларускіх дзяржорганаў. Ільвіная доля з гэтых грошай пайшла ў рэспубліканскі бюджэт, паведамляе сайт banki24.by.

Па выніках 2021 года бюджэт сектара дзяржкіравання папоўніўся на 65 млрд рублёў. Нагадаем, у агульную казну сектара дзяржкіравання ўваходзяць рэспубліканскі бюджэт, мясцовыя бюджэты і бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН).

Са згаданай вышэй сумы ў рэспубліканскую казну было сабрана 27,964 млрд рублёў. Як і ў выпадку з бюджэтам сектара дзяржкіравання, гэта вышэй за ўдакладнены гадавы план.

У агульны кацёл па ўсіх бюджэтах сабралі 102,3% ад плана, у рэспубліканскі — 101,6%. Асноўнымі даходнымі крыніцамі ў рэспубліканскай казне сталі падатак на дабаўленую вартасць (ПДВ), даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці (ЗЭД) і акцызы.

Па ПДВ у цэнтральны бюджэт краіны сабралі 11,393 млрд рублёў, па даходах ад ЗЭД — 5,136 млрд рублёў, па акцызах — 3,688 млрд рублёў.

Напаўненне даходнай часткі бюджэту Рэспублікі па ПДВ склала 100,7% ад удакладненага плана, па даходах ад ЗЭД — 102,7%, па акцызах — 100,6%.

ПДВ — гэта падатак на спажыванне, ім абкладаюцца тавары і паслугі, якія прадаюцца шырокаму колу аптовых і рознічных спажыўцоў. Акцызы — гэта плацяжы за шкодныя звычкі і паездкі беларусаў, іх спаганяюць з алкаголю, тытунёвых вырабаў і маторнага паліва. Даходы ад ЗЭД — гэта ў першую чаргу разнастайныя пошліны на экспарт і імпарт тавараў.

Яшчэ адзін буйны акумулятар грашовых паступленняў акрамя рэспубліканскага бюджэту — казна Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). За 2021 год у яе даходную частку сабралі 19,602 млрд рублёў, або 102,5% ад удакладненага плана. З бюджэту ФСАН у Беларусі выплочваюць пенсіі і разнастайныя дапамогі.

Аснову даходнай часткі гэтага бюджэту ўтвараюць унёскі на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне. Паколькі ў краіне салідарная пенсійная сістэма, гэта, як правіла, адлічэнні працадаўцаў з фондаў аплаты працы на прадпрыемствах.

З бюджэтнымі выдаткамі ў 2021 годзе фінансавыя ўлады відавочна паводзілі сябе асцярожна.

Самая моцная эканомія на выдатках бюджэту адносна плана адбылася па агульнадзяржаўнай дзейнасці — 91,2% ад скарэктаванага плана ў цэлым і 95,7% па рэспубліканскай казне.

Фінансавыя органы ідуць на эканомію — стрымліванне выдаткаў — не ад добрага жыцця. Як адзначылі ў снежні эксперты МВФ, «ва ўмовах абмежаваных магчымасцяў па прыцягненні фінансавання з-за міжнародных санкцый альтэрнатывы планам афіцыйных органаў па істотным скарачэнні дэфіцыту бюджэту невялікія».

[manual_related_posts]