1 ліпеня змяняюцца правілы налічэння дзіцячых дапамог



З сённяшняга дня ў Беларусі змяняюцца правілы налічэння дзіцячых дапамог. У прыватнасці дапамогу на дзіця да трох гадоў пачнуць пералічваць двойчы ў год, а дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, будуць выплачваць у поўным памеры, незалежна ад занятасці апекуноў.

Рашэнне аб унясенні паправак у закон „Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей” прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на чэрвеньскай сесіі парламента. Закон набудзе моц 1 ліпеня, а механізм пераразліку дзіцячых дапамог — 1 жніўня.

Цяпер сем’і, у якіх бацькі з’яўляюцца інвалідамі першай або другой групы альбо адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам першай групы, а другі ажыццяўляе яго догляд, маюць права атрымліваць дапамогу на дзяцей, якім больш за тры гады, да дасягнення імі 18-гадовага ўзросту. Пры гэтым дапамога будзе выплачвацца без уліку таго, што дзеці вучацца ў навучальных установах бясплатна. Да зменаў у заканадаўстве права на атрыманне дапамогі знікала, калі дзіця паступіла ў навучальную ўстанову на бясплатнай аснове ці не вучыцца, але дасягае 16-гадовага ўзросту.

Дакумент таксама дае права грамадзянам, якія ажыццяўляюць догляд за дзецьмі-інвалідамі, да дасягнення імі 18-гадовага ўзросту працаваць ва ўмовах няпоўнай занятасці, у тым ліку выконваць працу дома, і атрымліваць дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда. Таксама гэта права будзе захоўвацца ў выпадку атрымання бацькамі пенсій або штомесячнай страхавой выплаты.

У каментары тэлеканалу СТВ 14 чэрвеня старшыня камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валянціна Курсевіч адзначыла, што прынятыя папраўкі дазволяць членам такіх сем’яў „павялічыць свой даход, зарабіць страхавы стаж для налічэння працоўнай пенсіі і захаваць прафесію і сацыяльныя сувязі”.

Таксама дакумент прадугледжвае права на дапамогі па цяжарнасці і родах жанчынам, якія становяцца на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці як у дзяржаўных, так і прыватных арганізацыях аховы здароўя.

Як раней паведамляў, змены ў заканадаўства дэпутаты абмяркоўвалі яшчэ ў мінулым годзе. Папраўкі патрэбны былі для абароны найбольш уразлівых слаёў насельніцтва і стварэння гнуткай сістэмы сацпадтрымкі.

Сёння ў Беларусі дапамогі выплачваюцца больш чым 550 тысячам дзяцей, гэта каля 30% усяго дзіцячага насельніцтва краіны.

БелаПАН

[manual_related_posts]