1 верасня аператары сувязі павысілі тарыфы на некаторыя паслугі



Найбуйнейшыя беларускія аператары сувязі 1 верасня павысілі тарыфы на некаторыя паслугі.

Дзяржаўнае РУП „Белтэлекам” павялічыла тарыфы на доступ у інтэрнэт. Павышэнне не закранула кошту рэгуляваных паслуг мясцовай і міжгародняй тэлефоннай сувязі, міжнароднай тэлефоннай сувязі, паслуг доступу ў лінейна-кабельныя збудаванні, паслуг доступу ў інтэрнэт з гарантаванай паласой прапускання, паслуг хостынгу.

Абаненцкая плата ADSL-тарыфу „Дамасед старт” павялічылася з 15,5 да 15,7 рубля ў месяц, „Дамасед XXL” — з 17 да 17,5 рубля. Штомесячны плацеж па тарыфе „Камфорт экспрэс” павысіўся з 9 да 9,5 рубля, „Рэкорд 10” — з 17,1 да 18 рублёў, „Рэкорд 50 new” — з 23,5 да 24 рублёў. Такім чынам, падаражанне па пяці тарыфах складае ў сярэднім 3,4%.

Кампанія „Мабільныя ТэлеСістэмы” павысіла тарыфы на асноўныя паслугі сотавай сувязі да 2,9% адносна ўзроўню папярэдніх тарыфаў. „Зменіцца кошт асноўных паслуг электрасувязі і некаторых дадатковых паслуг. Тарыфы на фіксаваную сувязь і роўмінг застануцца без зменаў”, — паведамілі раней у „МТС”. Павышэнне абумоўленае развіццём інфраструктуры і ўкараненнем новых тэхналагічных рашэнняў у мэтах павышэння якасці паслуг, дапоўнілі ў кампаніі. Інфармацыю пра новыя тарыфы для фізічных і юрыдычных асоб можна атрымаць на афіцыйным сайце „МТС”, а таксама патэлефанаваўшы ў кантактны цэнтр.

Тэлекам-аператар velcom павысіў памер абаненцкай платы, адначасовых узносаў, а таксама кошт выходных выклікаў на нумары абанентаў Рэспублікі Беларусь, міжнародных тэлефанаванняў, мабільнага інтэрнэту, SMS, MMS, спецыяльных і дадатковых паслуг для фізічных і юрыдычных асоб не больш як на 2,9% .

Без змен засталіся: кошт тарыфных планаў фіксаванай сувязі; абаненцкая плата тарыфнага плана lemon; памер платы за актывацыю бонусаў тарыфных планаў „Турыст”, „Сувязь без абавязацельстваў”; тарыфы на паслугі роўмінгу, кошт пакетаў і тарыфных планаў, якія ўключаюць хвіліны, SMS, інтэрнэт-трафік для выкарыстання ў роўмінгу; кошт шэрагу дадатковых паслуг. Памеры штомесячных плацяжоў па растэрміноўцы за абсталяванне ў межах раней заключаных дагавораў таксама не змяніліся.

Разам з тым істотна патаннеў кошт мабільнага інтэрнэту для большасці тарыфных планаў лінейкі „Привет”. Так, кошт 1 МБ у межах некаторых тарыфных планаў знізіўся больш як у 13 разоў. Акрамя таго, з 1 верасня ўсім абанентам тарыфных планаў „Пенсійны” і „Сацыяльны” штомесяц будзе давацца 100 МБ інтэрнэт-трафіку.

З новымі цэнамі на некаторыя паслугі сувязі можна азнаёміцца на сайтах кампаніі velcom, а таксама ў службе інфармацыі і даведкі.   БелаПАН