26 жніўня ў Беларусі зноў павялічыцца кошт аўтамабільнага паліва



26 жніўня кошт аўтамабільнага паліва на аўтазаправачных станцыях Беларусі вырасце на адну капейку, паведамляе канцэрн „Белнафтахім”.

Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,32 руб., АІ-95-К5-Еўра — 1,40 руб., АІ-98-К5-Еўра — 1,61 руб., ДТ — 1,40 руб .

Паводле даных „Белнафтахіма”, за сем месяцаў 2018 года ў адносінах да аналагічнага леташняга перыяду цана нафты для беларускіх НПЗ вырасла на 35%. Пры гэтым цэны на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, за названы перыяд выраслі ў сярэднім на 14%.

„Бягучы ўзровень цэн на нафтапрадукты на ўнутраным рынку не кампенсуе НПЗ абгрунтаваныя затраты на вытворчасць, у выніку чаго нафтаперапрацоўчая галіна па выніках працы за названы перыяд атрымала страты, — патлумачылі ў канцэрне. — На падставе маніторынгу асноўных фактараў, якія ўплываюць на кошт маторнага паліва, — цэны на нафту, падатковай нагрузкі, узроўню цэн у сумежных дзяржавах, курсаў валют, іншых паказчыкаў, а таксама з улікам фінансавага стану нафтаперапрацоўчай галіны Рэспублікі Беларусь, канцэрнам прынята рашэнне аб прадаўжэнні палітыкі паэтапнага павышэння цэн на аўтамабільнае паліва”.

У 2018 годзе бензін даражэў адзінаццаць разоў: 8 лютага — на 2 капейкі, 10, 15, 24, 30 сакавіка, 4, 14 красавіка, 12 і 15 мая, 12 і 18 жніўня — на капейку. Дызпаліва даражэла дзесяць разоў (у лютым—сакавіку і маі, а таксама жніўні сінхронна з бензінам) і таннела — двойчы (14 і 27 красавіка — абодва разы на капейку).

У 2017 годзе кошт на паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш за два гады (пасля 13 студзеня 2015 года) не змянялася.

belapan.by