44,31 млн даляраў за экспарт электраэнергіі за першае паўгоддзе



За студзень-чэрвень 2019 года Беларусь экспартавала ў суседнія дзяржавы 852 млн 943 тыс. кілават-гадзін электрычнай энергіі амаль на 44,31 млн даляраў. Пра гэта сведчаць абноўленыя дадзеныя на сайце інтэрактыўнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы распаўсюджвання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Для параўнання: за 2018 год у цэлым экспарт беларускай электраэнергіі складаў каля 1 млрд 40,05 млн кВт·гадз на суму 54,63 млн даляраў. Такім чынам, толькі за першае паўгоддзе 2019 года краіна экспартавала 82% ад агульнага леташняга аб’ёму замежных паставак электрычнасці.

Асноўным спажыўцом экспартнай электраэнергіі з’яўляецца Літва, у якую за паўгода Беларусь паставіла 843,753 млн кВт·гадз на суму большую за 43,62 млн даляраў. У чэрвені ў гэту балтыйскую дзяржаву было пастаўлена 93,39 млн кВт·гадз на 4,9135 млн даляраў — па цане 5,26 цэнта за кілават-гадзіну.

Даражэй за ўсё Беларусь пастаўляла электраэнергію ў Латвію. Так, у чэрвені было прададзена 4,121 кВт·гадз электрычнасці на 319,6 тыс. даляраў (каля 7,76 цэнта за кілават-гадзіну). Усяго з пачатку 2019 года ў Латвію было пастаўлена 8,623 млн кВт·гадз электрычнай энергіі на 654,7 тыс. даляраў.

Экспарт ва Украіну нязначны: за першае паўгоддзе паўднёвым суседзям было прададзена 574 тыс. кВт·гадз электраэнергіі на суму 32,6 тыс. даляраў. У чэрвені Беларусь паставіла Украіне усяго 139 тыс. кВт·гадз на 7,9 тыс. даляраў. Цана за кілават-гадзіну засталася нязменнай — 5,68 цэнта.

Імпарт электраэнергіі Беларусь ажыццяўляла толькі з Расеі. За паўгода паступіла 11,893 млн кВт·гадз расейскай электрычнасці, якая абышлася краіне ў 521,2 тыс. даляраў.

На прэс-канферэнцыі 28 траўня на Беларускай АЭС у Астраўцы (Гарадзенская вобласць) намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што Беларусь мае патэнцыял для экспарту ў год больш за 2 млрд кілават-гадзін электраэнергіі, згенераванай на ўласных магутнасцях.

Устаноўленая магутнасць аб’яднанай энергасістэмы Беларусі на 1 студзеня складала 10.068,68 МВт. На энергакрыніцы ў падпарадкаванні дзяржаўнага вытворчага аб’яднання „Белэнерга” прыходзілася 88,8% магутнасці ўсёй айчыннай энергасістэмы — 8.938,34 МВт. Магутнасць дзейных у краіне 42 цеплавых электрастанцый складала 8.841,08 МВт, а 25 гідраэлектрастанцый і Навагрудскага ветраэлектрычнага парку — 88,26 і 9 МВт адпаведна. Магутнасць блок-станцый — генерыруючых установак па-за падпарадкаваннем дзяржаўнага аператара — 1.130,34 МВт.

За мінулы год у краіне было згенеравана 38,79 млрд кілават-гадзін электраэнергіі.

belapan.by