Абмежаванні паставак малочнай сыравіны з Беларусі стварае праблемы ў Расеі



Абмежаванні на ўвоз малочнай сыравіны з Беларусі пагражаюць расейскай харчовай прамысловасці. Пра гэта расейскаму ўраду паведаміла Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу, піша „Коммерсант”. Між іншым, гаворка ідзе пра ключавыя інгрэдыенты для кандытарскай галіны, якія трапілі пад забарону Рассельгаснагляду (сухое абястлушчанае малако, дэмінералізаваная сыроватка, якія выкарыстоўваюцца для вырабу кандытарскіх вырабаў, дзіцячага харчавання і марожанага). Іх недахоп можа прывесці нават да спынення прадпрыемстваў, да скасавання кантрактаў і росту адпускных цэн.

Ліст атрымалі першы віцэ-прэм’ер Расіі Антон Сілуанаў, віцэ-прэм’ер Аляксей Гардзееў, кіраўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Дзмітрый Патрушаў. У дакуменце падкрэсліваецца, што расейскія вытворцы сухой малочнай сыравіны не могуць задаволіць попыт, а каб нарасціць выпуск згаданай прадукцыі, неабходныя інвестыцыі. Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу просіць расейскі ўрад разгледзець пытанне аднаўлення паставак малочнай сыравіны з беларускіх прадпрыемстваў са станоўчай акрэдытацыяй Рассельгаснагляду. Гэтае ведамства ўвяло абмежаванні пры пастаўках у тары больш за 2,5 літра з 6 чэрвеня. Пасля перамоваў беларускіх і расейскіх чыноўнікаў абмежаванні былі знятыя, але толькі з асобных прадпрыемстваў. У выніку значная частка малочнай сыравіны з Беларусі дагэтуль застаецца пад забаронай.

Некаторыя расейскія прадпрыемствы паспелі зрабіць запасы беларускай сыравіны, але яе ў лепшым выпадку хопіць да канца года.

Фота: ria.ru