Аб’ём спажывецкіх крэдытаў дасягнуў рэкорду
Запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах павялічылася за студзень—травень на 17,7% да рэкордных 3.542,5 млн рублёў, сведчаць статзвесткі Нацыянальнага банка.
У траўні партфель крэдытаў банкаў, выдадзеных насельніцтву на спажывецкія патрэбы, павялічыўся на 142,8 млн рублёў, або на 4,2%.
У чэрвеньскім аглядзе аб фінансавай стабільнасці Нацбанк растлумачыў рост спажывецкага крэдытавання, які назіраецца ў краіне з 2017 года, аднаўленнем рэальных даходаў насельніцтва пасля двухгадовай рэцэсіі, рэалізацыяй адкладзенага попыту, а таксама паскораным зніжэннем працэнтных ставак на грашовым рынку.
За мінулы год аб’ём спажывецкага крэдытавання вырас на 75% да 3 млрд рублёў на пачатак гэтага года. Нацыянальны банк у сакавіку гэтага года заявіў, што высокія тэмпы спажыўкрэдытавання могуць ствараць рызыкі павелічэння праблемнай запазычанасці, і ў красавіку зацвердзіў інструкцыю аб новых умовах спажывецкага крэдытавання.
Згодна з дакументам з 1 траўня банкі павінны разлічваць пры выдачы спажывецкіх крэдытаў фізічным асобам каэфіцыент пазыковага цяжару. Гэты паказчык вызначаецца як працэнтныя суадносіны памеру штомесячнага плацяжу па аперацыях крэдытнага характару да памеру сярэднямесячнага даходу пазычальніка. Каэфіцыент не павінен перавышаць 40%.
Прадстаўнікі некаторых банкаў раней заявілі, што ў сувязі з узмацненнем жорсткасці ўмоў спажывецкага крэдытавання частцы кліентам давядзецца адмаўляць у выдачы крэдытаў.
Беларускія эканамісты лічаць, што Нацбанк шляхам абмежавання ўнутранага попыту на крэдытныя рэсурсы спрабуе вырашаць некалькі задач.
„У 2017 годзе ў Беларусі пачаўся крэдытны бум, і рэгулятар спрабуе знізіць верагоднасць негатыўных наступстваў такога буму. Бо крэдытны бум можа прыводзіць да росту крэдытаў, што не абслугоўваюцца, да ўсплёску інфляцыі і да ўзмацнення націску на плацежны баланс за кошт павелічэння імпарту”, — адзначыў старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
Паводле інфармацыі БелаПАН, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, які крэдытуе Беларусь, раней рэкамендаваў беларускім уладам прыняць меры да абмежавання тэмпаў росту спажывецкага крэдытавання.
