Аб’ём вытворчасці „Беларуськалія” ў 2016 годзе ацэньваецца ў 10 млн тон



Аб’ём гадавой вытворчасці калійных угнаенняў у ААТ „Беларуськалій” у 2016 годзе ацэньваецца ў 10 млн тон, паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Іван Галаваты ў інтэрв’ю, якое апублікавана ў апошнім нумары газеты „Калійшчык Салігорска”.

„Па выніках 12 месяцаў гэтага года (2016-га. — БелаПАН.) на нашым прадпрыемстве будзе выраблена крыху больш за 10 млн тон угнаенняў. Гэты годны паказчык мы ўтрымліваем на працягу трох апошніх гадоў”, — сказаў Галаваты.

Гендырэктар пры гэтым удакладніў, што 92,5% прадукцыі прадпрыемства паступае на знешнія рынкі.

„Безумоўна, адыходзячы год быў не самым простым у чарадзе апошніх гадоў для ААТ” Беларуськалій”. Крызісныя з’явы на сусветным рынку калію, нізкая пакупніцкая здольнасць нашых асноўных заказчыкаў, позняе падпісанне некаторых асноўных кантрактаў прывялі да зніжэння кошту калійных угнаенняў на знешніх рынках”, — падкрэсліў кіраўнік.

Ва ўрадзе Беларусі разлічваюць на рост экспарту калійных угнаенняў да 10 млн тон у 2017 годзе. „Цэны выраўняліся і нават крыху падняліся, заключаны кантракты. Сёння „Беларуськалій” працуе на 95% загрузкі, але попыт ёсць”, — заявіў журналістам 21 снежня намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы.

У 2015 годзе ААТ „Беларуская калійная кампанія” экспартавала каля 9,2 млн тон калійных угнаенняў.

belapan.by