Адкрыюцца яшчэ крамы duty free на ўезд у Беларусь



У Беларусі плануецца дадаткова адкрыць чатыры крамы duty free на ўездзе ў краіну. Пра гэта заявіў журналістам першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын 24 верасня ў Менску па выніках нарады ў прэзідэнта.

Паводле слоў Турчына, такім чынам агульная колькасць магазінаў duty free, якія працуюць на ўезд у аўтамабільных пунктах пропуску, дасягне пяці.

«Як правіла, гэты асартымент не перасякаецца з тым асартыментам, які выпускаюць нашы вытворцы. Дастаткова дарагія рэчы там прадаюцца», – сказаў ён.

«Усё ж такі падаткі, якія выплачваюць гэтыя крамы, ідуць у беларускі бюджэт. І мы чалавеку даем права выбару: купіць гэтыя тавары на тэрыторыі сумежных дзяржаў (адпаведна, ад гэтага ні бюджэт, ні субʼекты гаспадарання не атрымліваюць нічога) альбо ўсё-такі прагаласаваць рублём у гэтых крамах», – рэзюмаваў Турчын.

24 верасня на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы абмяркоўваўся праект нарматыўнага дакумента, які датычыцца развіцця сеткі крамаў бяспошліннага гандлю.

«Мы заканадаўча вызначылі асноўныя патрабаванні да гэтых крам і развіваем гэты від дзейнасці, – сказаў Лукашэнка. – З 2014 года колькасць такіх крам у краіне павялічылася ў тры разы. Каля 70 абʼектаў (працуе ў Беларусі на гэты момант. – БелаПАН.). Тры з іх адкрытыя не толькі для пасажыраў, якія выязджаюць, але і для тых, якія прыбываюць. Падпісаны ўказ аб бяспошлінным гандлі на бартах паветраных суднаў авіякампаніі „Белавія”.

»Перспектывы ў гэтай сферы, як мяне пераконваюць зацікаўленыя асобы, не вычарпаныя, і ёсць яшчэ прапановы па развіцці гэтай сеткі. Але да прыняцця новых рашэнняў трэба падыходзіць узважана – ацаніць наступствы, а таксама магчымыя рызыкі«, – заявіў Лукашэнка.

БелаПАН