Адменены абавязковы продаж замежнай валюты



„З мэтай лібералізацыі валютных адносін і стымулявання дзелавой актыўнасці” Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ „Аб адмене абавязковага продажу замежнай валюты”.

„Гэты інструмент ужываўся ў перыяд станаўлення беларускага рынку і спрыяў фармаванню прапановы замежнай валюты на валютнай біржы, разам з тым ён з’яўляўся і фактарам стрымання, бо ўспрымаўся інвестарамі як прыкмета адміністрацыйнага рэгулявання і абмежаванняў”, — адзначаецца ў каментары прэс-службы кіраўніка Беларусі.

Адмена абавязковага продажу часткі валютнай выручкі суб’ектамі гаспадарання „будзе спрыяць павышэнню канкурэнтаздольнасці беларускіх экспарцёраў, стане істотным фактарам паляпшэння ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі”.

Абавязацельствы па лібералізацыі сістэмы валютнага рэгулявання і кантролю беларускія ўлады ўзялі перад Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Адпаведныя патрабаванні знайшлі адлюстраванне ва ўдакладненай Матрыцы мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў, на падставе выканання якой ЕФСР прымае рашэнні аб выдзяленні Беларусі траншаў крэдыту.

У адпаведнасці з абавязацельствамі перад ЕФСР Беларусь у кастрычніку 2017 года знізіла нарматыў абавязковага продажу валютнай выручкі з 20% да 10%. Акрамя таго, у студзені 2018 года прынятае рашэнне аб адмене мэтавай куплі замежнай валюты. Рашэнне набыло моц ў красавіку.

Цалкам адмяніць абавязковы продаж замежнай валюты Нацыянальны банк меў намер у першай палове 2018 года. „У першым паўгоддзі абавязковы продаж замежнай валюты плануем адмяніць. Мы гэтае пытанне ўзгадняем з іншымі дзяржаўнымі органамі”, — паведаміў намеснік старшыні Нацбанка Сяргей Калечыц, адказваючы ў канцы лютага на пытанні журналістаў.

У 2017 годзе суб’екты гаспадарання ў кошт абавязковага продажу рэалізавалі 4.423,5 млн долараў. Паводле інфармацыі БелаПАН, аб’ём абавязковага продажу валюты скараціўся на 20,1% у параўнанні з 2016 годам. Летась штомесячны аб’ём абавязковага продажу замежнай валюты да верасня складаў 400—450 млн долараў, а ў кастрычніку—снежні — 230—250 млн долараў з-за зніжэння нормы абавязковага продажу.

На думку эканамістаў, адмова ўладаў ад адміністрацыйных інструментаў рэгулявання валютнага рынку стала магчымай дзякуючы пераходу на рынкавы рэжым курсаўтварэння.

„Мэтавая купля валюты і яе абавязковы продаж — рэшткі старой грашова-крэдытнай палітыкі, якая праводзілася да 2014 года, калі абменны курс рубля вызначаўся адміністрацыйным чынам. Зараз у нас рынкавы рэжым курсаўтварэння, таму ў гэтых умовах захоўваць абавязковы продаж валюты або кантроль за яе купляй няма неабходнасці”, — адзначыў раней у каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі.

belapan.by