Стаўленне да беларускіх гастарбайтараў у Расеі змянілася?
Беларускія гастарбайтары адзначаюць, што адкрыты рынак рабочай сілы ў Польшчы палепшыў адносіны працадаўцаў да беларусаў у Расеі. Па словах гастарбайтараў, калі раней ім даволі часта маглі не заплаціць за працу, то цяпер пра гэта размова не ідзе.
Але пры магчымасці паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі адразу вернемся дахаты, бо мы там усе роўна чужыя, кажа 44-гадовы бярозаўчанін Кірыл Матусевіч:
– Я калі еду дадому, проста кажу, што чысла 15-га еду дадому, мне 15-га даюць пад нуль усе грошы і яду з грашыма дадому. Я працую з 1-га траўня там, мне даюць усё да капейкі. Раней увогуле нічога не аддавалі бывала, ехаў увогуле без нічога ў адных майтках. Я прасіў, каб мне родныя выслалі грошы праз банк на білет назад. Мы зараз працуем у адной і той жа фірме, па-першае дырэктары беларусы, па-другое беларусы-мужыкі там працуюць. Праблем няма.
Паводле Кірыла Матусевіча, цяпер расейская паліцыя не хапае беларусаў і не рабуе, як калісьці. Магчыма, не апошнюю ролю адыгрываюць абяцанні Лукашэнкі пра інтэграцыю. Але, нягледзячы на гэта, трэба жыць у сваёй хаце, упэўнены мужчына.
Беларускае Радыё Рацыя
