Агульны доўг спажыўцоў электрычнасці і цяпла за ліпень вырас на 3,7 млн рублёў



Назапашаная на працягу доўгага перыяду запазычанасць за пастаўленую беларускім спажыўцам электрычную і цеплавую энергію на 1 жніўня склала 973,3 млн рублёў, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

На 1 ліпеня доўг па аплаце электрычнасці і цяпла складаў 969,6 млн рублёў. Такім чынам, за ліпень агульная запазычанасць спажыўцоў энергетыкам вырасла на 3,7 млн рублёў.

Згодна са звесткамі Мінэнерга, за студзень-ліпень беларускім спажыўцам было адпушчана цеплавой і электрычнай энергіі на 5.076,4 млрд рублёў. Энергетыкам заплацілі за 99,2% пастаўленай за гэты перыяд энергіі.

Арганізацыі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта заплацілі за 99,7% атрыманай энергіі, Белкаапсаюза — 97,5%, Нацыянальнай акадэміі навук — 97,2%, канцэрна „Беллегпрам” — 99%, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання — 89,1%.

Арганізацыі камунальнай формы ўласнасці Берасцейскай вобласці забяспечылі аплату 99,6% адпушчанай энергіі, Менска — 98,9%, Гарадзенскай вобласці — 97,6%, Віцебскай — 95,5%, Магілёўскай — 95,3%, Гомельскай і Менскай — 90,7%.

У ліпені гэтага года спажыўцам краіны было пастаўлена электрычнасці і цяпла на 631,5 млн рублёў. Арганізацыі „Беллегпрама” заплацілі за 99,2% пастаўленай энергіі, Дзяржкамваенпрама — 94,7%, НАН Беларусі — 94,2%. Ні ў абласцях, ні ў Менску арганізацыі камунальнай формы ўласнасці не забяспечылі 100-працэнтнай аплаты за месячнае энергазабеспячэнне.

belapan.by