Ахвотных набыць гарадзенскую „Беларусь” за 2,5 млн долараў не знайшлося



Першы аўкцыён па продажы найбуйнейшай у Гародні дзяржаўнай гасцініцы «Беларусь» не адбудзецца з-за адсутнасці пакупнікоў.

Конкурс па продажы гасцініцы прызначаны на 25 жніўня, тэрмін прыёму дакументаў ад патэнцыйных пакупнікоў завяршыўся 11 жніўня. Як паведамілі ў аддзеле камунальнай маёмасці і прыватызацыі Гарадзенскага гарвыканкама, заяў на ўдзел у конкурсе не паступіла. Што магло стала прычынай — кошт або ўмовы продажу, у гарвыканкаме яшчэ не аналізавалі.

Лот у выглядзе 100% акцый ААТ «Гасцінічная гаспадарка» быў выстаўлены месяц таму. Прадпрыемства лічыцца гарадской уласнасцю, яму належыць 8-павярховы будынак гасцініцы „Беларусь” на 188 нумароў. На першым паверсе знаходзіцца рэстаран плошчай большай за 2.000 квадратных метраў. Пачатковы кошт лота складае амаль 5 мільёнаў рублёў (прыблізна 2,5 млн долараў).

Згодна з умовамі конкурсу, ад інвестара патрабуецца на працягу трох гадоў пасля куплі ўкласці ў развіццё гасцініцы і рэстарана 1 млн долараў, а таксама на працягу пяці гадоў захоўваць профіль прадпрыемства.

Гасцініца „Беларусь” састарэла маральна і фізічна, ёй патрабуецца капітальны рамонт. Уласных грошай у прадпрыемства на гэта няма. Будынак узведзены ў 1968 годзе, размешчаны практычна ў цэнтры Гародні.

Тры гады таму літоўская кампанія Arvi хацела выкупіць гасцініцу і ператварыць яе ў чатырохзоркавы гатэль, аднак патэнцыйны інвестар і гарадскія ўлады не здолелі дамовіцца аб умовах прыватызацыі.

Ці пойдзе Гарадзенскі гарвыканкам на зніжэнне цаны гасцініцы і калі могуць адбыцца чарговыя таргі, пакуль невядома.