Аляксандр Ярашук: Гэта ўжо трэці семінар, які МАП праводзіць у Беларусі



Дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы на чале з дарадцам генеральнага дырэктара Кары Тапіёлам наведае Беларусь з 22 – па 26 лютага.

Асноўнай мэтай візіту з’яўляецца правядзенне ў Менску 25 лютага семінара „Працоўная спрэчкі і практыка іх вырашэнняў” з удзелам эксперта камітэта МАП па свабодзе асацыяцый Аксаны Вульфсан. Як паведаміў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, гэта ўжо трэці семінар, які МАП праводзіць у Беларусі. З яго слоў, семінар міжнароднай арганізацыі працы будзе закранаць праблемы ў сферы правоў працоўных у Беларусі:

– На колькі запушчанай сёння з’яўляецца праблема працоўных. Гэта трагічная сітуацыя з правамі працоўных. Маючы на ўвазе ўсе апошнія адыёзныя захады уладаў, у тым ліку што датычыць прымусовай працы – дэкрэт аб дармаедстве. Менавіта з гэтай нагоды семінар і будзе прысвечаны працоўным спрэчкам.

У чэрвені мінулага году беларускае пытанне абмяркоўвалася на 104-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы у Жэневе. Камітэт па нормах і стандартах МАП адзначыў пэўнае паляпшэнне сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасці, дэкрэт прэзідэнта №4, які палегчыў умовы стварэння прафсаюзных арганізацый на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Тым не менш, камітэт выказаў «глыбокую заклапочанасць з нагоды таго, што работнікі працягваюць сутыкацца са шматлікімі перашкодамі ў рэалізацыі права на арганізацыю прафсаюзаў па свайму выбару як у заканадаўстве, так і на практыцы».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя