„Амкадор” да канца года пачне будаўніцтва трох заводаў



„Амкадор” да канца бягучага года пачне будаўніцтва трох заводаў. Аб гэтым заявіў 21 верасня журналістам старшыня савета дырэктараў ААТ „Амкадор” Аляксандр Шакуцін.

„Мы ўкладваем сродкі ў стварэнне новых заводаў, прадуктаў. Да канца гэтага года пачнём будаўніцтва яшчэ трох заводаў – „Амкадор-Маш” у Калодзішчах Менскага раёна з аб’ёмам інвестыцый $240 млн і два гідраўлічныя заводы ў Кобрыне, Гомелі, агульны аб’ём інвестыцый – $177 млн”, – сказаў Аляксандр Шакуцін.

Прапрацоўваецца таксама пашырэнне і мадэрнізацыя вытворчасці лясных машын у Лагойску. „Праект на гэтым тыдні будзе перададзены ў банк для вывучэння. Мы распрацавалі канцэпцыю на бліжэйшыя гады і плануем увайсці ў лік сусветных лідараў па вытворчасці лясных машын. Машыны, якія будуць сходзіць з канвеера, будуць поўнасцю адпавядаць патрабаванням самага патрабавальнага спажыўца”, – растлумачыў старшыня савета дырэктараў.

Паводле яго слоў, усе праекты „Амкадора” знаходзяцца на самаакупнасці. „Наша лагістыка працэсаў стварэння вытворчасці ўнікальная па сутнасці. Сёння мы можам стварыць любы машынабудаўнічы завод”, – запэўніў Аляксандр Шакуцін.

Узрастаючы аб’ём вытворчасці патрабуе забеспячэння дадатковых магутнасцей элементнай базы. „Мы адзіныя на постсавецкай прасторы, хто мае кампетэнцыю ў стварэнні кіруемых і вядучых мастоў, каробак пераменных перадач – як гідрамеханічных, так і гадрааб’емных. Гэту кампетэнцыю трэба нарошчваць, пашыраць мадэльны рад вузлоў”, – дадаў ён.

Холдынг „Амкадор” аб’ядноўвае 29 прадпрыемстваў, якія выпускаюць тэхніку для аграпрамысловага, дарожна-будаўнічага, жыллёва-камунальнага, лесапрамысловага, вытворча-лагістычнага комплексаў. Тавараправодная сетка налічвае больш як 80 дылераў і дыстрыб’ютараў.

belta.by