Аператар А1 запусціў тэхналогію перадачы голасу па сетцы 4G



 Тэлекам-аператар А1 першым з дзейных у Беларусі аператараў мабільнай сувязі ўкараніў тэхналогію VoLTE (Voice over LTE). Гэтая тэхналогія забяспечвае перадачу голасу ў сетках 4G без абавязковага пераключэння ў 2G/3G і дазваляе абанентам кампаніі, знаходзячыся ў зоне дзеяння сеткі 4G, здзяйсняць і прымаць галасавыя выклікі высокай дакладнасці.

Як растлумачылі ў кампаніі А1, дзякуючы запуску новай тэхналогіі пераход абанента з сеткі 4G у сетку 3G падчас размовы будзе „бясшвовым”, а злучэнне з суразмоўцам практычна імгненным. Акрамя таго, VoLTE дазваляе карыстацца мабільным інтэрнэтам нават падчас званка, а таксама эканоміць зарад акумулятара смартфона.

Тэхналогія VoLTE даступная абанентам А1 бясплатна. Для падключэння паслугі неабходна выканаць USSD запыт *141*8#. Цяпер яна ўжо даступная жыхарам Менска, Гомеля і Пінска. Спіс населеных пунктаў будзе папаўняцца з пашырэннем 4G-сеткі для абанентаў А1. Чакаецца, што да канца 2019 года тэхналогія VoLTE ў рамках развіцця 4G стане даступная ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў большасці буйных гарадоў, ахапіўшы 76% насельніцтва краіны.

Для таго каб ацаніць новыя магчымасці, патрабуецца мабільная прылада з падтрымкай тэхналогіі VoLTE.

Кампанія A1 пачала сваю камерцыйную дзейнасць у Беларусі 16 красавіка 1999 года, стаўшы першым мабільным аператарам стандарту GSM у краіне. З лістапада 2007 года ўваходзіць у склад групы A1 Telekom Austria Group. Да жніўня 2019 года вяла аперацыйную дзейнасць пад брэндам velcom. A1 абслугоўвае больш за 4,9 млн абанентаў мабільнай сувязі.

belapan.by