Аршанскі авіярамонтны завод перайшоў пад кантроль дзяржавы



ААТ „Аршанскі авіярамонтны завод” перайшло пад кантроль дзяржавы. Украінскае ПАТ „Мотар Січ” і беларускае ПУП „Сістэмы інвестыцый і інавацый” выйшлі са складу акцыянераў завода. Сума здзелкі не называецца.

„Там праца завершана. Зроблена ўсё, што павінна было быць зроблена”, — сказала БелаПАН начальнік галоўнага ўпраўлення карпаратыўных адносінаў, уладальніцкага нагляду і абарачэння акцый Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Святлана Дзегцярэнка. Паводле яе слоў, цяпер прадпрыемства знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Прэзідэнт „Мотар Січ” Вячаслаў Багуслаеў паведаміў БелаПАН, што з ім разлічыліся тыдзень таму. „Разлічыліся. Усё нармальна. Цяпер мы — вольныя птушкі”, — сказаў Багуслаеў.

У 2012 годзе каля 60% акцый аршанскага прадпрыемства выкупіла кампанія „Мотар Січ”, каля 40% — кампанія „Сістэмы інвестыцый і інавацый” бізнесмена Аляксандра Садавога. Інвестары ўзялі на сябе абавязацельствы да 2016 года ўкласці ў мадэрнізацыю прадпрыемства не менш за 12 млн долараў. Але рэалізаваць планы ў поўным аб’ёме не ўдалося. На працу завода паўплываў канфлікт паміж Расеяй і Украінай. Расейцы адмовіліся пастаўляць на завод запчасткі. Акрамя таго, прасеў рынак авіяцыйнай тэхнікі, скарацілася колькасць заказаў.

У красавіку гэтага года Генеральная пракуратура Беларусі пачала праверку прадпрыемства з-за невыканання „Мотар Січ” інвестыцыйнага дагавора. У маі ў дачыненні да былога генеральнага дырэктара завода і службовых асоб украінскай кампаніі была распачатая крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

У ліпені Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прадпрыемства пяройдзе пад кантроль дзяржавы. „Уласніка ўжо тут няма. Уласнікі — вы. Усе ўласнікі, якія тут былі, яны адмовіліся самі ад гэтага завода. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня”, — казаў кіраўнік дзяржавы 11 ліпеня пры наведванні завода.

У сваю чаргу Вячаслаў Багуслаеў заяўляў, што ПАТ „Мотар Січ” на 110% выканала сваю частку інвестыцыйных абавязацельстваў. Паводле яго слоў, у прадпрыемства ўкладзена каля 20 млн долараў, яго фактычна паднялі з руін, а рашэнне аб выхадзе са складу акцыянераў было прынята пад націскам беларускіх уладаў. Сыход з завода прынёс украінскаму бізнесмену, паводле яго ацэнак, страты на суму 13 млн долараў „чыстымі грашыма”.

belapan.by