„Ашчадбанк” перагледзіць прагноз па Беларусі ў бок паляпшэння



Гадавы эканамічны прагноз па Беларусі будзе перагледжаны. Такое рашэнне прынялі аналітыкі цэнтра макраэканамічных даследаванняў расейскага „Ашчадбанка”, прааналізаваўшы вынікі працы беларускай эканомікі ў першым квартале 2017 года.

Сакавіцкія вынікі ў рэальным сектары паказваюць на „істотнае паляпшэнне стану беларускай эканомікі”, адзначаюць аналітыкі „Ашчадбанка” ў чарговым макраэканамічным аглядзе.

Яны канстатуюць, што ў разрэзе беларускіх галін рост валавога дададзенага кошту ў першым квартале паказала большасць сектараў эканомікі, а прамысловая вытворчасць у цэлым у краіне павялічылася на 4,3%. Эканамісты чакаюць, што нават у беларускай нафтаперапрацоўцы, якая ў першым квартале на фоне змяншэння паставак расейскай нафты скараціла выпуск прадукцыі на 32%, сітуацыя неўзабаве стане паляпшацца.

„Урэгуляванне нафтагазавага канфлікту выправіць сітуацыю і перавядзе галіну ў разрад тых, што хутка растуць”, — прагназуюць аналітыкі „Ашчадбанка”.

На іх думку, урэгуляванне нафтагазавага канфлікту паміж Беларуссю і Расеяй дазваляе меркаваць, што ВУП рэспублікі застанецца сёлета ў зоне росту.

„Мы ставім нашы прагнозы на 2017 год на перагляд у бок іх паляпшэнні”, — паведамілі ў макраэканамічным аглядзе аналітыкі „Ашчадбанка”. Раней эканамісты расейскага дзяржбанка чакалі, што сёлета рэцэсія ў Беларусі захаваецца.

ВУП Беларусі ў студзені—сакавіку 2017 года ўпершыню за апошнія два гады вырас на 0,3%. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на гэты год прадугледжвае эканамічны рост на 1,7%.

У студзені і лютым 2017 года валавы ўнутраны прадукт Беларусі знаходзіўся ў адмоўнай вобласці. Беларускі ўрад тлумачыў сітуацыю тым, што Расея істотна скараціла пастаўкі нафты ў рэспубліку.

13 красавіка віцэ-прэм’ер Беларусі і міністр энергетыкі Расеі падпісалі пакет дакументаў аб урэгуляванні нафтагазавай спрэчкі, якая доўжылася больш за год. Згодна з дамоўленасцямі, Беларусь пагасіла Расеі запазычанасць за газ больш як 720 млн долараў, а Расея пагадзілася даць у 2017—2019 гадах скідку на газ для Беларусі, а таксама павялічыць пастаўкі нафты з 18 млн да 24 млн тон.

belapan.com