Аўтамабільнае паліва зноў даражэе ў Беларусі



Канцэрн „Белнафтахім” абвясціў аб павышэнні 29 верасня на АЗС рознічных цэн на бензін і дызельнае паліва на 1 капейку. Сёлета гэта дваццаць другое змяненне кошту аўтамабільнага паліва.

„За верасень 2019 года сярэдняя каціроўка нафты паводле ацэнкі склала 63 долара ЗША за барэль і павялічылася да жніўня гэтага года на 6,6%. З улікам росту каціровак нафты і змянення курсу нацыянальнай валюты для беларускіх НПЗ цана нафты вырасла на 7%. У існуючых умовах для падтрымання фінансавага стану НПЗ змяняюцца цэны на нафтапрадукты”, — гаворыцца ў паведамленні „Белнафтахіму”.

З 29 верасня рознічныя цэны за літр паліва на АЗС складуць: бензіну АІ-92-К5-Еўра — 1,58 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,68 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,90 рубля, ДТ — 1,68 рубля.На мінулым тыдні „Белнафтахім” адзначаў, што „ва ўмовах больш моцных знешніх рызык, якія абумовілі рост валацільнасці каціровак нафты, паслаблення курсу беларускага рубля, у мэтах папярэджання рызык страты фінансавай устойлівасці НПЗ напярэдадні чарговага этапу „падатковага манеўру” канцэрн вымушаны вярнуцца да стратэгіі штотыднёвай карэкціроўкі цэн на нафтапрадукты”.

З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” у 2018-м і да пачатку лета 2019 года практычна штотыдзень вавялічваў цану на аўтамабільнае паліва. У мінулым годзе большасць відаў паліва даражэла 27 разоў, у гэтым — 17 разоў (апошні раз — 22 верасня).

9 чэрвеня кошт бензіну АІ-95-К5-Еўра і дызпаліва ДТ-К5 быў зніжаны на капейку. Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра і АІ-98-К5-Еўра засталася ранейшай. 16 чэрвеня, 21 ліпеня і 11 жніўня на капейку таннелі ўсе віды паліва.

belapan.by

[manual_related_posts]