БАМАП: Беларускія аўтаперавозчыкі зрасходавалі дазволы на перавозкі ў Польшчу
У беларускіх аўтаперавозчыкаў скончыліся дазволы на праезд па тэрыторыі Польшчы, з польскім бокам вядуцца перамовы, паведаміў 23 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску галоўны спецыяліст аддзела транспартнай палітыкі і лагістыкі асацыяцыі „БАМАП” Юрый Каравайкін.
Транспартная інспекцыя Мінтранса праінфармавала 17 лістапада міжнародных перавозчыкаў аб тым, што дазволы Польшчы на міжнародныя перавозкі грузаў (двухбаковыя, транзітныя) выдадзены ў поўным аб’ёме. Такім чынам, беларускія перавозчыкі пазбавіліся магчымасці працаваць на польскай тэрыторыі.
Як паведаміў журналістам Юрый Каравайкін, Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі вядзе перамовы з польскім бокам аб перадачы дадатковай колькасці дазволаў на 2017 год.
„Сітуацыя для нашых перавозчыкаў вельмі няпростая. Адсутнасць польскіх дазволаў не дае магчымасці выконваць перавозкі ў Польшчу. Гэтая тэма абмяркоўвалася на ўзроўні нашага Мінтранса, рыхтаваліся звароты ў Мінтранс Польшчы, польскую асацыяцыю, праводзіліся перамовы і пэўны вынік ёсць”, — адзначыў прадстаўнік БАМАП.
Паводле яго слоў, пакуль яшчэ няма дакументальнага пацверджання, але, згодна з інфармацыяй польскіх калег, у панядзелак праведзена нарада Мінтранса Польшчы і Саюза асацыяцый, дзе было прынята рашэнне аб выдачы Беларусі дадатковых дазволаў. „Сёння мы чакаем рашэнне на ўзроўні Мінтранса Польшчы аб перадачы нам дадатковых дазволаў”, — сказаў Юрый Каравайкін і выказаў надзею, што ў найбліжэйшыя дні гэтая праблема будзе вырашана.
Акрамя таго, паводле яго слоў, 5-6 снежня плануецца пасяджэнне беларуска-польскай змешанай камісіі па пытаннях міжнародных аўтамабільных зносін, дзе будзе таксама абмяркоўвацца пытанне аб забеспячэнни дазволамі беларускіх перавозчыкаў.
belapan.by
