Банк развіцця выдасць крэдыт да 25 млн дал. на рэканструкцыю аэрадрома ў Оршы



Урад узгадніў Банку развіцця выдачу крэдыту нацыянальнаму аэрапорту Менск на суму, якая не перавышае 25 млн даляраў, для рэканструкцыі аэрадрома пад Оршай (Віцебская вобласць). Адпаведная пастанова Савета міністраў, № 708 ад 2 кастрычніка, апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Праект прадугледжвае правядзенне капітальнага рамонту існай узлётна-пасадачнай паласы, рэканструкцыю рулёжных дарожак, узвядзенне аб’ектаў дапаможнага прызначэння.

Акрамя таго, павялічаны ліміт крэдытавання для будаўніцтва ў нацыянальным аэрапорце Менск другой узлётна-пасадачнай паласы. Крэдыт будзе выдадзены ў сумах, якія не перавышаюць 68 млн долараў і 10,9 млн еўра (раней было 52,17 млн долараў і 10,9 млн еўра). Не выкарыстаныя у 2018 годзе сумы гэтых крэдытаў пераходзяць на наступны фінансавы год.

Крэдыты даюцца з выплатай працэнтаў за карыстанне ў 7,05% гадавых.

Як паведамлялася, у пасёлку Балбасава пад Оршай плануецца пабудаваць мультымадальны гандлёва-лагістычны комплекс. Праект рэалізуе ТАА „Брэміна груп”. Падчас наведвання рэгіёна Аляксандрам Лукашэнка 11 ліпеня абмяркоўвалася развіццё мясцовага аэрапорта, будаўніцтва і ўладкаванне сучаснай узлётна-пасадачнай паласы для патрэб не толькі транспартнай грузавой авіяцыі, але і бізнес-авіяцыі. „Тут трэба развіваць бізнес-авіяцыю і сховішчы для самалётаў”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў паскорыць праектаванне і выкананне адпаведных работ: „Трэба зрабіць тыя работы, якія мы сёння можам. Да 7 лістапада ўсе праектныя работы павінны быць скончаныя — і малыя, і вялікія. Але пачынаць працаваць трэба цяпер”.

belapan.by