„Банк развіцця” за дзевяць месяцаў вылучыў на падтрымку эканомікі 2,8 млрд рублёў
„Банк развіцця” за студзень—верасень 2020 года вылучыў на рэалізацыю інвестыцыйных і іншых праектаў, экспартнае крэдытаванне і падтрымку малых і сярэдніх прадпрыемстваў прыкладна 2,8 млрд беларускіх рублёў, або 2,6% да ВУП, паведамляе прэс-служба банка.
На рэалізацыю інвестыцыйных і іншых праектаў, уключаючы інвестыцыйныя крэдыты кліентам і набыццё мэтавых аблігацый для фінансавання аб’ектаў сацыяльнай сферы, на 1 кастрычніка было дадзена 1,72 млрд беларускіх рублёў у эквіваленце, што на 70,6% больш, чым за аналагічны перыяд 2019 года.
У сваю чаргу аб’ём выдачы экспартных крэдытаў дасягнуў 871,7 млн рублёў у эквіваленце (144,2% да ўзроўню 9 месяцаў мінулага года).
Як адзначаюць у банку, найбольш актыўная дынаміка назіралася ў кірунку падтрымкі малых і сярэдніх прадпрыемстваў: за 9 месяцаў было выдзелена 204,2 млн рублёў у эквіваленце, што ў 2,7 разу пераўзыходзіць аб’ёмы падтрымкі за аналагічны перыяд 2019 года.
ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” — спецыялізаваны фінансавы інстытут, створаны ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 21 чэрвеня 2011 года. Банк займаецца фінансаваннем праектаў, уключаных у дзяржаўныя праграмы; інфраструктурных праектаў, а таксама праектаў, звязаных з мадэрнізацыяй дзейных прадпрыемстваў. Акрамя гэтага, Банк развіцця праз камерцыйныя банкі накіроўвае рублёвыя рэсурсы на крэдытную падтрымку праектаў у сферы малога і сярэдняга бізнесу.
