Банк ВТБ абмяжоўвае аперацыі з валютай для грамадзян



„Банк ВТБ (Беларусь)” увёў сутачныя ліміты на валютна-абменныя аперацыі з выкарыстаннем плацежных картак.

„З 19.03.2020 на валютна-абменныя аперацыі ў сетцы прылад/сэрвісаў банка і банкаў Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца сутачны ліміт у эквіваленце 100 еўра, які дзейнічае ў наступных выпадках: на расходныя аперацыі ў замежнай валюце па картках, эмітаваных банкам у беларускіх рублях; на прыходныя аперацыі ў беларускіх рублях па картках, эмітаваных банкам у замежнай валюце”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце ЗАТ „Банк ВТБ (Беларусь)”.

У апошнія дні беларускі рубель рэзка знізіўся да долара ЗША і еўра. Раніцай 19 сакавіка падзенне працягваецца — на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы курс пераадолеў мяжу ў 2,5 беларускага рубля за долар.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расійскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. Кошт нафты ўпаў да 26 долараў за бараль упершыню з 2003 года. На гэтым фоне курс долара ў Расеі перавысіў 80 рублёў.

belapan.by