Банкі пад гарантыі ўрада выдалі прадпрыемствам крэдыты на 700 млн рублёў



Беларуская прамысловасць у межах пакета мер па падтрымцы эканомікі ва ўмовах пандэміі атрымала 700 млн рублёў, паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 2 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў (відэазапіс яго выступу ў парламенце апублікавала прэс-служба ўрада).

Паводле слоў кіраўніка беларускага ўрада, „разгорнутая маштабная праца” па падтрымцы прадпрыемстваў, якія пацярпелі з-за наступстваў пандэміі.

„У межах ухваленага кіраўніком дзяржавы механізму падтрымкі рэальнага сектара дзяржаўнымі банкамі краіны пад гарантыі ўрада пракрэдытавана больш за 50 прадпрыемстваў на суму каля 700 млн рублёў”, — паведаміў Галоўчанка.

Акрамя гэтага, дадаў ён, пад гарантыі мясцовых органаў улады выдадзена крэдытаў амаль на 100 млн рублёў.

Паводле яго слоў, аказвалася падтрымка і прыватнаму сектару, пацярпеламу з-за пандэміі.

„У межах цэлага пакета ўказаў дадзеныя падатковыя льготы і прэферэнцыі прыкладна 47 тыс. суб’ектаў гаспадарання і індывідуальным прадпрымальнікам на агульную суму больш за 34 млн рублёў”, — сказаў Галоўчанка.

Ён таксама звярнуў увагу, што прынятыя рашэнні аб даванні арэндных вакацый васьмі тысячам прадпрыемстваў. Паводле слоў Галоўчанкі, непасрэдна работнікам прадпрыемстваў дзяржаўнага і прыватнага камерцыйнага сектара падтрымка была аказаная на чатыры мільёны рублёў.

„Сума невялікая, таму што зарплата не ўпала да таго ўзроўню, калі трэба было аказваць бюджэтную падтрымку”, — растлумачыў Галоўчанка.

Даплаты медыкам у сувязі з пандэміяй склалі 325 млн рублёў, удакладніў ён.

„Час паказаў, што нашы дзеянні былі ў цэлым слушнымі і апраўданымі, мы захавалі прадпрыемствы, падтрымалі эканоміку”, — заявіў Галоўчанка.

belapan.by