Банкі ствараюць перашкоды, каб не плаціць па чэках “Жыллё”



Гарадзенскі абласны суд адмяніў рашэнне Наваградскага раённага суда, які абвясціў пастанову аб выплаце па чэках “Жыллё” на карысць жыхаркі Наваградскага раёна Марыі Кісляк. Жанчына хацела скарыстаць свае чэкі на дапамогу ўнуку пры будаўніцтве жылля. Але пры іх пераафармленні банкаўскімі работнікамі была дапушчаная памылка, якая стала падставаю для анулявання чэкаў.

У выніку прадстаўнік уласніцы чэкаў, яе сын – Аляксандр, падаў пазоў на банк у раённы суд, які, разабраўшыся ў сітуацыі, стаў на іх бок. Але неўзабаве пракурор наклаў вета на рашэнне Наваградскага раённага суда. Расказвае Аляксандр Кісляк.

– Суд уважліва вывучыў справу і выслухаў прадстаўнікоў банка і нас і прыняў рашэнне ў нашу карысць. А калі справа трапіла ў пракуратуру і пракурор убачыў, што мы выйгралі суд, наклаў пратэст і падаў у абласны суд на перагляд. Атрымліваецца, што нас усё жыццё падманвалі  і падманваюць па сённяшні дзень. Закону ў нас няма, ёсць толькі ўказанні. Каму выгадна, таму і служаць, а мы – закладнікі гэтай сістэмы. Праўды няма і калі яна з’явіцца – не ведаю.

Пасля таго, як Гарадзенскі абласны суд прыняў рашэнне адмяніць пастанову суда першай інстанцыі на карысць банка, прадстаўніца пракуратуры адзначыла, што такія справы па Беларусі рашаюцца практычна не на карысць ўласнікаў чэкаў “Жыллё”, таму яна таксама была змушана хадайнічаць аб адмене пастановы Наваградскага суда. У сваю чаргу, пазоўнік Аляксандр Кісляк адзначыў, што такім чынам супрацоўнікамі банкаў і такіх структур як пракратура ствараюцца штучныя перашкоды, каб не сплочваць насельніцтву выплаты па чэках “Жыллё”. Па яго падліках, у выніку прынятага рашэння суда, дзяржава толькі на яго сям’і зэканоміла суму эквівалентную 7 000 даляраў ЗША.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара