Банкі занепакоеныя магчымасцю вяртання праблемных даўгоў



Беларускія банкі выказваюць „значную занепакоенасць” тым, што ў іх абмежаваныя магчымасці вяртання праблемных даўгоў.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у снежні камерцыйныя банкі атрымалі ад Нацбанка адказ на свой зварот. Рэгулятар апавясціў, што працуе над вырашэннем праблемных пытанняў у банкаўскай сферы.

Паводле слоў прадстаўнікоў фінансавых колаў, апошнія два месяцы паміж камерцыйнымі банкамі і Нацбанкам вядзецца перапіска па тэме праблемных даўгоў. Банкаўская супольнасць у сваім звароце ў Нацбанк выказваў „значную занепакоенасць” тым, што існуючыя ў краіне механізмы абмяжоўваюць магчымасці банкаў па працы з праблемнай запазычанасцю.

Так, камерцыйныя банкі звяртаюць увагу на тое, што сёння яны не могуць прадаваць з дысконтам таксічныя актывы нябанкаўскім арганізацыям, якія спецыялізуюцца на працы з праблемнымі даўжнікамі. Акрамя гэтага, банкаўская супольнасць у сваім звароце ў Нацбанк канстатавала, што ў працэсе банкруцтва даўжнiка патрабаванні банкаў задавальняюцца практычна ў апошнюю чаргу (нягледзячы на тое, што крэдыты выдаваліся пад заклад маёмасці).

„Рэальная банкаўская практыка паказвае, што заклад, на жаль, не мае неабходнай эфектыўнасці і надзейнасці, у якой так маюць патрэбу банкі пры спагнанні даўгоў”, — падкрэслівалі ўдзельнікі фінансавага рынку ў нядаўнім звароце ў Нацбанк. Па гэтай прычыне банкі прапаноўваюць павысіць прыярытэт патрабаванняў банкаў як закладных крэдытораў у працэсе банкруцтва даўжнiка.

Банкі таксама просяць дазволіць ім прадаваць праблемныя актывы з дысконтам нябанкаўскім арганізацыям, якія спецыялізуюцца на працы з праблемнымі даўжнікамі.

У лісце ў адказ Нацбанк паведамляе, што да цяперашняга часу падрыхтаваны праект адпаведнага ўказа прэзідэнта. Ён прадугледжвае магчымасць продажу банкамі праблемных крэдытаў з дысконтам нябанкаўскім арганізацыям. „Гэты праект указа накіраваны Саветам міністраў на разгляд кіраўніка дзяржавы”, — паведамляе Нацбанк.

Рэгулятар таксама паведаміў, што вядзе працу з дзяржаўнымі органамі па павышэнні прыярытэтнасці патрабаванняў закладных крэдытораў у працэсе банкруцтва даўжнiка.

Акрамя таго, Нацбанк паведамляе, што ім рэалізуецца праект па фарміраванні рынку праблемных актываў. „Мэтай праекта з’яўляецца падрыхтоўка заканадаўчага акта, накіраванага на стварэнне заканадаўчых, эканамічных і інстытуцыйных умоў для функцыянавання рынку праблемных актываў”, — гаворыцца ў лісце Нацбанка.

На 1 лістапада 2017 года доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме складала 13%. Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, адказваючы ў кастрычніку на пытанні журналістаў у кулуарах міжнароднага форуму „БанкІТ’2017”, заявіў, што рэгулятар чакае стабілізацыі ўзроўню праблемных актываў у банкаўскай сістэме.

„У цэлым, што тычыцца праблемных актываў, то іх велічыня стабілізавалася ў бягучым годзе і гэта цалкам прагназаваная сітуацыя. Мяркуем, што нейкіх рэзкіх змяненняў узроўню праблемных актываў найбліжэйшым часам мы назіраць не будзем”, — сказаў Павел Калаур.

Як паведамлялася раней, у 2017 годзе доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме практычна не змяняецца. Разам з тым, у 2016 годзе на фоне рэцэсіі ў Беларусі адбываўся хуткі рост таксічных актываў у банках — за год яны павялічыліся з 6,8% на пачатак да 12,8% на канец мінулага года.

[manual_related_posts]