Барыс Жаліба: Банкі ў хуткім часе могуць адчуць дэфіцыт рублёвых рэсурсаў



Банкі масава зніжаюць стаўкі па рублёвых укладах насельніцтва. Чым гэта пагражае беларускай фінансавай сістэме? Аб гэтым разважае эканаміст Барыс Жаліба.

Вядучыя камерцыйныя банкі, у якіх знаходзіцца больш як 80% рублёвых зберажэнняў насельніцтва, прынялі рашэнне знізіць працэнтныя стаўкі па тэрміновых дэпазітах. Паводле інфармацыі БелаПАН, банкіры чакаюць, што трэнд на зніжэнне ставак па ўкладах працягнецца да верасня.

Барыс Жаліба: Я таксама думаю, што палітыка зніжэння працэнтных ставак па ўкладах насельніцтва працягнецца, таму што зніжаюцца працэнтныя стаўкі міжбанкаўскага рынка. Менавіта яны зараз вызначаюць надвор’е на крэдытна-дэпазітным рынку. Стаўка рэфінансавання ўжо некалькі месяцаў на гэта не ўплывае, бо банкі ў асноўным арыентуюцца на “міжбанк”. А, як я ўжо адзначаў, працэнтныя стаўкі міжбанкаўскага рынка зніжаюцца. Гэта робіцца пад уздзеяннем урада, паколькі інфляцыя ж у нас ніколькі не змяншаецца. Пры гадавым прагнозе па інфляцыі ў 11 працэнтаў, за паўгода мы ўжо дасягнулі 10 працэнтаў. Таму наогул няма ніякіх макраэканамічных падстаў, каб зніжаць банкаўскія стаўкі. Але Нацбанку даводзіцца ісці на гэта. На іх таксама ціснуць

РР: Якія пагрозы для фінансавага рынка існуюць ад такога адміністратыўнага рэгулявання?

Барыс Жаліба: Існуе пагроза, што адбудзецца далейшае зніжэнне рублёвых дэпазітных ставак, і насельніцтва пачне пераходзіць на валютныя ўклады. Людзі, пасля таго як атрымаюць заробак, пачнуць скупляць валюту, і гэты працэс стане больш інтэнсіўным. А банкі могуць адчуць дэфіцыт рублёвых рэсурсаў, якія для іх галоўныя, і на якія яны разлічваюць.

РР: Аднак чыстая пакупка валюты насельніцтвам у чэрвені ў параўнанні з траўнем знізілася ў 3,7 разы.

Барыс Жаліба: Тут ёсць сезонны фактар, але ж галоўнае не гэта. Чыстая пакупка насельніцтвам усё роўна застаецца. Народ больш купляе долараў і еўра, чым здае. А гэта трывожная тэндэнцыя для Нацыянальнага банка ў цэлым. Акрамя таго, ёсць і іншая статыстыка. Валютныя паступленні ў гэтым годзе меншыя, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Гэта сведчыць аб тым, што валютны дэфіцыт прысутнічае. І ён не змяншаецца, а павялічваецца. Таму Нацбанку вельмі ўважліва трэба адсочваць сітуацыю. Як толькі ўкладчыкі пачнуць масавы пераводзіць рублёвыя ўклады ў валютныя, трэба будзе тармазіць зніжэнне працэнтных ставак, якія, як ужо казаў, не адпавядаюць макраэканамічным умовам. Вельмі высокая інфляцыя, каб зніжаць стаўкі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя