База дадзеных аб даходах грамадзян створаная



Інфармацыйная база дадзеных аб даходах грамадзян Беларусі створаная і напаўняецца неабходнымі звесткамі, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька 11 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яго слоў, у гэты рэсурс уключаецца ў тым ліку інфармацыя аб транспартных сродках, якімі валодаюць грамадзяне, аб нерухомасці, аб даходах з-за мяжы. «База дадзеных аб даходах ужо створаная. Іншая справа, што гаворка ідзе пра яе напаўненне», – адзначыў Расолька.

Так, паводле яго слоў, сёння Дзяржкамітэт па маёмасці падае падатковым органам звесткі ў дачыненні да нерухомай маёмасці, таксама яны атрымліваюць інфармацыю пра рэалізаваныя аўтамабілі, звесткі ад банкаў.

«Цяпер разглядаецца пытанне аб загрузцы інфармацыі аб даходах, якія грамадзяне атрымліваюць па месцы працы», – расказаў прадстаўнік МПЗ.

«У прынцыпе, гэта праца накіраваная на стварэнне для грамадзян магчымасці менш звяртацца па даведкі ў нейкія органы. Адпаведна, калі ў нас будзе сабраная ўся інфармацыя ў дачыненні да нейкага грамадзяніна, ён можа атрымаць у асабістым кабінеце адпаведную інфармацыю, раздрукаваць яе, зможа даведку камусьці прадставіць альбо дэкларацыю запоўніць», – адзначыў Расолька.

Якая колькасць фізічных асоб уключаная ў базу дадзеных аб даходах, прадстаўнік МПЗ назваць не змог. «Гэта працаздольныя грамадзяне, якія атрымліваюць даходы. Але ёсць і непрацаздольныя, напрыклад малалетнія дзеці, на якіх зарэгістраваная маёмасць. Гэта значыць, калі ў дачыненні да каго-небудзь ёсць адпаведная інфармацыя, то яна і загружаецца», – сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб.

БелаПАН

Фота: БелТА