Беларусь адстае ад развітых краін у чатыры-пяць разоў



Беларусь па долі высокатэхналагічных вытворчасцяў адстае ад развітых краін у тры разы, па ўзроўні прадукцыйнасці працы — у чатыры-пяць разоў. Такія дадзеныя прыводзяцца ў дакладзе дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі Аляксандра Чарвякова, апублікаваным у апошнім нумары „Эканамічнага бюлетэня”, які выдаецца інстытутам.

З дакладам дырэктар НДЭІ выступаў на навуковай канферэнцыі восенню мінулага года.

„Перад эканомікай Беларусі стаяць няпростыя задачы, звязаныя са стабілізацыяй эканамічнага развіцця краіны і выхадам на траекторыю ўстойлівага росту, з пераадоленнем рызык і пагроз эканамічнай бяспекі”, — гаворыцца ў дакладзе.

Яго аўтар канстатуе, што на працягу многіх гадоў эканамічная мадэль Беларусі „грунтавалася на такіх традыцыйных механізмах эканамічнага росту, як павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці за кошт дазагрузкі вытворчых магутнасцяў; прамое субсідаванне асобных дзяржпрадпрыемстваў; мяккая манетарная і фіскальная палітыкі”. Фактары, якія раней забяспечвалі рост эканомікі, паступова сталі стрымальнымі, а крызісныя з’явы на сусветным рынку толькі ўзмацнілі гэтыя працэсы.

„Па-першае, дырэктыўнае крэдытаванне і дзяржпадтрымка абмежаванай колькасці прадпрыемстваў, стварэнне для іх „цяплічных” умоў не стымулявала іх да павышэння аддачы ад укладзеных сродкаў і росту канкурэнтаздольнасці. Па-другое, захоўваліся невысокі інавацыйны складнік эканомікі і нізкая аддача ад інвестыцый”, — адзначае Аляксандр Чарвякоў.

Як следства, галіновая структура не зведала істотных змен, „таму эканоміка засталася высоказатратнай і нізкатэхналагічнай”.

„У 2015 годзе ў прамысловасці доля высокатэхналагічнага сектара склала 3,2%, а нізкатэхналагічных вытворчасцяў — больш за 33%. У той жа час у Германіі доля высокатэхналагічнага сектара перавышае 9%, Францыі і ЗША — 13%. У выніку адзначаецца амаль трохразовае адставанне ад узроўню развітых краін па долі высокіх тэхналогій і чатырох-пяціразовае — па ўзроўні прадукцыйнасці працы ў прамысловасці”, — гаворыцца ў дакладзе.

У сённяшніх рэаліях галоўнымі фактарамі, ад якіх залежыць рост эканомікі, з’яўляюцца зніжэнне затрат вытворчасці праз выбудоўванне і аптымізацыю бізнес-працэсаў, а таксама комплексная мадэрнізацыя тэхналогій, у тым ліку кіраўнічых, лічыць дырэктар НДЭІ.

На яго думку, намаганні дзяржавы павінны быць накіраваны на рэалізацыю прарыўных праектаў, якія дадуць эканамічны эфект. „Мэтазгодным уяўляецца стварэнне цэнтра праектнага кіравання пры Савеце міністраў. Асноўная яго мэта — сканцэнтраваць намаганні дзяржавы на прарыўных праектах, выступіць каталізатарам дзелавой актыўнасці і інвестыцый у прыярытэтныя кірункі развіцця”, — лічыць Аляксандр Чарвякоў.

belapan.by