Беларусь апярэдзіла Украіну і Расею па росце спажывецкіх цэн



Беларусь заняла шостае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у 2019 годзе, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі (у студзені–лістападзе – 7-е месца, студзені–кастрычніку – 6-е, студзені–верасні – 5-е, студзені–жніўні – 6-е, студзені–ліпені – 4-е, студзені–чэрвені і студзені–маі – 6-е, студзені–красавіку – 5-е, студзені–сакавіку – 2-е, студзені–лютым – 3-е, у студзені – 7-е).

За год цэны ў краіне павялічыліся на 4,7%. Вышэй інфляцыя была ва Узбекістане (15,2%), Таджыкістане (8%), Малдове (7,5%), Грузіі (7%) і Казахстане (5,4%). Менш выраслі цэны ва Украіне (на 4,1%), Кыргызстане (на 3,1%), Расеі (на 3%), Літве (на 2,7%), Азербайджане, Латвіі (у абедзвюх краінах на 2,3%), Эстоніі (на 1,8%) і Арменіі (на 0,7%). У Туркменістане дадзеныя не апублікаваныя.

У снежні цэны ў Беларусі павысіліся на 0,5% – гэта сёмае месца разам з Азербайджанам. Наперадзе апынуліся Узбекістан (1,7%), Арменія (1,3%), Кыргызстан, Малдова (па 0,9%), Таджыкістан (0,8%) і Казахстан (0,7%). Меншай была інфляцыя ў Грузіі, Расеі (па 0,4%) і Літве (0,3%). У Латвіі і Украіне цэны знізіліся на 0,2%, у Эстоніі – на 0,3%.

У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое мае ўласную фінансавую сістэму, цэны павялічыліся за год на 4,7% (за снежань – на 0,4%).

У 2018 годзе Беларусь заняла чацвёртае месца па росце спажывецкіх цэн на тэрыторыі былога СССР (5,6%), у 2017-м – дзявятае (4,6%), у 2016-м – трэцяе (10,6%).

БелаПАН