Беларусь чакаюць цяжкія часы ў сувязі з цаной на нафту



Да 2024 года вывазная пошліна на нафту ў Расеі знізіцца з 30% – да нуля, на гэтую ж велічыню ў грошах будзе павышаны падатак на здабычу карысных выкапняў. Як заявіў намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко, з-за гэтага беларускі бюджэт у наступным годзе можа страціць каля 600 мільёнаў рублёў. 

Эканаміст Леанід Заіка адзначае, што беларускія ўлады цалкам залежныя ад рашэння Крамля:

– Захочуць перакрыць кісларод Лукашэнку, пачнуць прадаваць не па 230, а па 460. Беларусы з гэтай сітуацыі павінны зрабіць выснову, што зараз беларускі рэжым будзе заўзята прасіць Крэмль, каб захавалі ўмовы пакупкі нафты, якія былі ў гэтым годзе. Зараз мы атрымалі бязпошлінных нафтапрадуктаў на 640 мільёнаў даляраў і закупілі недзе на 2,8 мільярды чыстай нафты. Беларусь цікавіць толькі чыстая нафта на самой справе.

Раней Мінфін ужо тлумачыў, што ў наступным годзе будуць зніжаны стаўкі акцызаў на паліва, каб звычайныя спажыўцы не пацярпелі. Бо з-за таго, што памяншаецца вывазная пошліна (якую Беларусь не плаціла) і павялічваецца падатак на здабычу карысных выкапняў і нафты, адпаведна паліва для нас павялічваецца ў цане. Леанід Заіка не верыць у тое, што цэны на паліва на ўнутраным рынку ўдасца стрымаць, з-за вялікіх праблем у беларускай эканоміцы:

– Міністр фінансаў толькі можа крычаць “каравул”. У гэтым годзе трэба было 3 лішніх мільярды заплаціць за крэдыты. Плюс магчымае павелічэнне цэн на нафту. Плюс заробак трэба неяк вытрымліваць. Абменны курс канешне можа паехаць, і тады заробак будзе не 460 даляраў, а 320. Цяпер вельмі цяжкі час, калі можа грамыхнуцца вельмі шмат у Беларусі.

Кіраўнік Беларусі ў сваю чаргу адрэагаваў на падатковыя манеўры Расеі рэзкай крытыкай у бок Масквы. Маўляў, зацягнулі нас у гэта ЕўрАзЭС, а цяпер ствараюць няроўныя ўмовы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]