Беларусь і Латвія дамовіліся аб вызваленні радыёчастот для развіцця 5G



Беларусь і Латвія дамовіліся аб супрацоўніцтве па пытаннях вызвалення паласы радыёчастот 694—790 Мгц для наступнага развіцця тэхналогіі сувязі пятага пакалення (5G). Адпаведны пратакол падпісалі 1 ліпеня ў Менску міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган і міністр зносін Латвійскай Рэспублікі Таліс Лінкайтс.

Вызваленне паласы радыёчастот 694—790 Мгц ад сродкаў тэлебачання дазволіць укараніць перспектыўныя сістэмы сотавай радыёсувязі на тэрыторыі дзвюх краін і забяспечыць выкананне адпаведных рашэнняў Міжнароднага саюза электрасувязі, адзначылі ў беларускім міністэрстве.

У выніку перамоў была дасягнутая дамоўленасць аб распрацоўцы не пазней за 1 студзеня 2020 года праекта пагаднення аб тэхнічных умовах адносна аптымальнага і эфектыўнага выкарыстання паласы радыёчастот 694—790 Мгц у прымежных раёнах сістэмамі мабільнай сувязі наступнага пакалення для пазбягання ўзаемных радыёперашкод з мэтай наступнага вызвалення названай паласы радыёчастот ад радыёэлектронных сродкаў наземнага лічбавага тэлевізійнага вяшчання.

„Вызваленне паласы радыёчастот 694—790 Мгц ад сродкаў наземнага лічбавага тэлевізійнага вяшчання дазволіць забяспечыць выдзяленне неабходнага радыёчастотнага спектра для развіцця сетак сотавай рухомай электрасувязі паводле тэхналогіі 5G (IMT-2020)”, — растлумачылі ў Мінсувязі.

Упершыню хуткасці тэхналогіі 5G ў Беларусі пратэставалі ў красавіку 2017 года. Атрымалася дасягнуць хуткасці прыблізна 2.048 Мбіт/с. Тэарэтычная мяжа 4G-хуткасцяў — 1.000 Мбіт/с.

Паводле ацэнак спецыялістаў, укараненне 5G дазволіць забяспечыць карыстальнікаў паўсюдным шырокапалосным мабільным доступам у інтэрнэт. У ліку іншага стандарт 5G будзе арыентаваны на інтэрнэт рэчаў, забяспечваючы перадачу даных для рознага віду прылад: аўтамабіляў, сэнсараў, элементаў гарадской інфраструктуры, прамысловага абсталявання і гэтак далей.

belapan.by

[manual_related_posts]