Беларусь і Расея падпісалі дамову аб пастаўках газу
Расейскі „Газпром” і ўрад Беларусі падпісалі пратакол, якім вызначаны парадак фармавання цэн пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь у 2020 годзе.
Дакумент падпісаны 14 лютага ў Санкт-Пецярбургу на рабочай сустрэчы старшыні праўлення ПАТ „Газпром” Аляксея Мілера з паслом Беларусі ў Расейскай Федэрацыі Уладзімірам Сямашкам і беларускім міністрам энергетыкі Віктарам Каранкевічам.
Бакі разгледзелі пытанні супрацоўніцтва ў газавай сферы, паведамляе прэс-служба „Газпрома”.
31 снежня мінулага года „Газпром” і ўрад Беларусі падпісалі пратакол аб цэнах на газ на студзень—люты 2020 года і дапаўненні да кантрактаў на транзіт і пастаўку паліва, якія працягваюць іх да 2021 года. Згодна з дакументам кантрактныя аб’ёмы паставак і транзіту ў 2020 годзе захаваныя на ўзроўні 2019 года.
У студзені—лютым Беларусь атрымлівае газ па цане 2019 года, якая складае 127 долараў ЗША за 1 тыс. куб. м.
У выніку перамоў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 7 лютага ў Сочы была дасягнутая дамоўленасць аб захаванні гэтай цаны для Беларусі на працягу 2020 года.
Фота gazprom.ru