Беларусь і Расея падпісалі пратакол аб цэнах на газ на 2021 год



Беларусь і Расея вызначылі парадак фарміравання цэн пры пастаўцы прыроднага газу ў рэспубліку ў 2021 годзе. Гэта адбылося 24 снежня ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы пасла Беларусі ў Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Сямашкі і міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча са старшынём праўлення ПАТ „Газпром” Аляксеем Мілерам.

„Па выніках сустрэчы падпісаны пратакол паміж „Газпромам” і ўрадам Беларусі аб парадку фарміравання цэн пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь у 2021 годзе”, — паведамляе беларускае Міністэрства энергетыкі.

Адзначаецца, што ўзгоднены бакамі ровень цэн на газ на 2021 год „практычна на роўні 2020 года, але значна ніжэйшы, чым прадугледжана формулай, якая вызначае цану на газ для Беларусі, зафіксаванай у міжурадавым пагадненні аб парадку фарміравання цаны на газ, якое падпісанае ў 2011 годзе”.

Менск дамагаўся зніжэння кошту расейскага газу ў сувязі з яго патанненнем на сусветных рынках (кантракт на 2020 год прадугледжвае пастаўку паліва па 127 долараў ЗША за тысячу кубаметраў). У сваю чаргу расейскія ўлады звязваюць рашэнне газавага пытання з уніфікацыяй сістэм падаткаабкладання дзвюх краін.

belapan.by

Фота: gazprom.com