Беларусь і Расея працягваюць перамовы па цане на газ пасля 2019 года



Беларусь і Расея працягваюць перамовы па цане на газ пасля 2019 года, паведаміў журналістам у Менску 24 студзеня міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.

„Перамовы праводзяцца і на ўзроўні профільных міністэрстваў, і на ўзроўні віцэ-прэм’ераў. Перамоўны працэс працягваецца”, — адзначыў міністр. Пры гэтым ён адмовіўся каментаваць змест перамоваў.

Каранкевіч нагадаў, што цана на расейскі газ для Беларусі ў 2019 годзе складае 127 долараў за тысячу кубаметраў.

На ўзроўні двухбаковай рабочай групы па развіцці інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы беларускі бок разлічвае ў першую чаргу абмеркаваць пытанні энергетыкі, у тым ліку наступстваў падатковага манеўру ў РФ, удакладніў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.

Дамоўленасць аб стварэнні рабочай групы па рашэнні праблемных пытанняў стала вынікам перамоў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і яго беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі, якія прайшлі ў канцы снежня ў Маскве. З расейскага боку яе ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, з беларускага — Дзмітрый Крутой.

belapan.by

[manual_related_posts]