Беларусь і Расея створаць адзіную базу даных па сельгаспрадукцыі



Беларусь і Расея створаць адзіную базу даных па перамяшчэнні сельгаспрадукцыі і яе якасці. Аб гэтым паведаміў 20 чэрвеня журналістам дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота пасля сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

„Што датычыцца пытанняў экспарту сельгаспрадукцыі з Рэспублікі Беларусь у Расейскую Федэрацыю, тут ёсць адна праблема – не выбудавана да канца дакладна вывераная, юрыдычная сістэма ўзаемаадносін па некаторых аспектах. Напрыклад (аб гэтым гаварылася на Савеце Міністраў і будзе замацавана ў рашэннях Вышэйшага дзяржсавета), неабходна стварыць адзіную інфармацыйную сістэму па перамяшчэнні тавараў і іх якасці”, – сказаў Рыгор Рапота.

Дзяржсакратар не стаў удавацца ў дэталі праекта, паколькі, паводле яго слоў, гэта вельмі спецыфічная тэма. „Але аб тым, што трэба стварыць адзіную інфармацыйную сістэму, размовы ідуць даўно, а пакуль пытанне не вырашана. Гэта здыме многія супярэчнасці”, – упэўнены ён.

Акрамя таго, Беларусь і Расея будуць удзяляць больш увагі барацьбе з кантрафактнай прадукцыяй, паколькі часта махляры выпускаюць нізкаякасны тавар пад брэндам прадпрыемства з незаплямленай рэпутацыяй. „Упершыню тэма кантрафакту так сур’ёзна ўзнята і пастаўлена ў рамках Саюзнай дзяржавы. Цяпер размова ідзе аб сельгаспрадукцыі. Упэўнены, што мы гэту тэму будзем і далей развіваць, распаўсюджваючы на іншыя віды тавараў”, – адзначыў дзяржсакратар.

Рыгор Рапота звярнуў увагу, што ў любым арганізме, які развіваецца, асабліва ў міжнародным інтэграцыйным аб’яднанні, заўсёды пры вырашэнні адных задач з’яўляюцца іншыя. Безумоўна, іх неабходна вырашаць. „Мы заўсёды будзем знаходзіцца ў гэтым рэжыме пераадолення, і дзякуй богу. Калі мы будзем рухацца ў напрамку пераадолення, гэта забяспечыць нам дынаміку”, – падкрэсліў дзяржсакратар.

belta.by