Беларусь і Расія абмяркуюць праекты ў электраэнергетыцы і прамысловасці



Расея правядзе з Беларуссю перамовы на наступным тыдні, бакі абмяркуюць газавае пытанне, праекты ў электраэнергетыцы і прамысловасці. Пра гэта паведаміў журналістам 20 верасня ў Пекіне віцэ-прэм`ер расійскага ўрада Аркадзь Дварковіч.

„Атрымалі (пажаданне аб сустрэчы з беларускага боку. — БелаПАН.), так”, — прыводзіць ТАСС адказ Дварковіча на адпаведнае пытанне.

Паводле слоў віцэ-прэм`ера, сустрэча, хутчэй за ўсё, адбудзецца на наступным тыдні. Будуць абмяркоўвацца пытанні прамысловасці і энергетыкі. „Лёгкая прамысловасць, машынабудаванне і, вядома, праекты пагадненняў па газе, электраэнергіі. Я маю на ўвазе агульны рынак, які павінен фарміравацца з 2019 па 2025 год, то бок, гэта доўгатэрміновыя такія перамовы цяпер пачынаюцца”, — сказаў Дварковіч.

Як паведамляў БелаПАН, пра планы абмеркаваць з віцэ-прэм`ерам Расеі ў Маскве ўмовы паставак расейскага газу расказаў 15 верасня журналістам у Менску беларускі віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка. „У парадку дня планаванай сустрэчы розныя пытанні, але перш за ўсё мы будзем абмяркоўваць пытанне па газе. У нас ёсць даручэнне прэзідэнтаў вызначыць да канца гэтага года, як мы будзем працаваць у газавай сферы з Расіяй у 2020—2024 гадах”, — растлумачыў ён.

Сямашка нагадаў, што Беларусь і Расея раней падпісалі дакумент, які рэгулюе ўмовы паставак расейскага газу ў 2017—2019 гадах. „Пакуль мы па газе з Расеяй дамовіліся толькі да 2019 года ўключна. Дамоўленасці, якія дзейнічаюць у 2017 годзе, выконваюцца, у 2018 годзе мы таксама атрымаем істотную падтрымку з боку Расіі, і вялікі дзякуй ім за гэта”, — сказаў намеснік прэм`ер-міністра.

Паводле яго слоў, з 1 студзеня 2025 года цана газу для Беларусі павінна быць роўнай цане ў Смаленскай вобласці. Пры гэтым Сямашка зазначыў, што канкрэтыка ў частцы руху па гэтай траекторыі існуе толькі да 2019 года. Паводле слоў чыноўніка, профільныя ведамствы Беларусі і Расеі абмяркоўваюць цяпер цэнавыя параметры ўмоў паставак газу ў краіну ў 2020—2024 гадах.

„Мы павінны да канца года падрыхтаваць праект адпаведнага дакумента і падпісаць яго, у ім будзе пазначана траекторыя руху цэн па газе да 2025 года”, — сказаў Сямашка.

belapan.by

Фота http://forbes.net.ua