Беларусь і Зімбабве падпісалі кантракты амаль на 60 млн даляраў



Беларусь і Зімбабве падпісалі кантракты амаль на 60 млн даляраў. Пра гэта Аляксандра Лукашэнку праінфармаваў 13 сакавіка кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман паводле вынікаў візіту ў афрыканскую краіну.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, падчас сустрэчы гаворка ішла пра перспектывы пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з дзяржавамі Афрыканскага кантынента. „У прыватнасці адбыліся канструктыўныя і плённыя перамовы з прэзідэнтам Зімбабве Эмерсанам Мнангагвам, а таксама першым віцэ-прэзідэнтам, міністрам горнай здабычы і развіцця здабыўной галіны, старшынёй Рэзервовага банка, міністрамі замежных справаў і міжнароднага гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту і развіцця інфраструктуры, вышэйшай адукацыі, развіцця навукі і тэхналогій”, — адзначылі ў прэс-службе.

Шэйман паведаміў Лукашэнку, што „дасягнутыя дамоўленасці і падпісаныя кантракты на суму прыблізна 58 млн долараў, у тым ліку па пастаўках беларускіх трактароў на 43 млн даляраў і тэхнікі для лясной гаспадаркі на 15 млн даляраў”. Гаворка ішла таксама аб стварэнні зборачных вытворчасцяў беларускай сельскагаспадарчай і горназдабыўной тэхнікі.

„Акрамя таго, гэтая дзяржава зацікаўленая ў закупцы беларускіх угнаенняў, зараз рыхтуецца кантракт прыблізна на 10 млн долараў. Дасягнутыя дамоўленасці па развіцці супрацоўніцтва і па многіх іншых напрамках. У прыватнасці ў галіне АПК гаворка ідзе аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы мяса і малака. Рэспубліка Зімбабве гатовая выкарыстаць беларускі вопыт па рэкультывацыі зямель і ірыгацыі засушлівых раёнаў. Бакі маюць намер ствараць сумесныя прадпрыемствы для рэалізацыі праектаў у жыллёвым, прамысловым і дарожным будаўніцтве, у галіне транспарту, ва ўзвядзенні лагістычнага комплексу”, — адзначаецца ў рэлізе.

Паводле слоў Шэймана, прапрацоўваюцца магчымасці двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне электраэнергетыкі.

Кіраўнік дзяржавы таксама праінфармаваны пра перспектывы развіцця кантактаў з Зімбабве ў галіне горнай здабычы, у тым ліку стварэнні прадпрыемства па здабычы карысных выкапняў. „У прыватнасці, беларускія спецыялісты могуць быць задзейнічаныя ў геолагаразведцы, здабычы нафты і газу ў гэтай багатай рэсурсамі краіне”, — адзначае прэс-служба.

belapan.by