Беларусь мае намер збліжаць пазіцыі з МВФ па ключавых пытаннях



Аб гэтым заявіў сёння, 11 ліпеня, старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Жакам Міньянам.

Спікер падкрэсліў, што беларускі бок будзе рады бачыць МВФ у якасці даверанага саветніка. „І нават па пытаннях, дзе нашы пазіцыі не зусім супадаюць, мы маем намер збліжаць іх, факусіравацца на агульным, а не падкрэсліваць нейкія адрозненні”, – сказаў ён.

У час сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і МВФ. Краіна, як канстатаваў спікер, рэалізуе меры класічнай праграмы фонду, але без фінансавай падтрымкі. „Мы, магчыма, крыху адхіляемся па тэрмінах, але ў прынцыпе прытрымліваемся матрыцы. Забяспечваецца рост эканомікі, – сказаў ён. – Адсутнасць праграмы з фондам не азначае адсутнасці рэформ. Мы іх праводзім. Мае месца сацыяльная лаяльнасць да пераўтварэнняў, якія ідуць у краіне”. Міхаіл Мясніковіч таксама зрабіў акцэнт на тым, што ўзгодненая палітыка праводзіцца на ўсіх узроўнях кіравання.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў асаблівую ўвагу на шэраг сістэмных дакументаў па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці, якія былі прыняты ў Беларусі ў канцы 2017 года. Ён растлумачыў, што размова ідзе аб дэкрэце нумар 7 „Аб развіцці прадпрымальніцтва” і пакеце нарматыўных прававых актаў, прынятых у яго развіццё. „Гэта зусім новы падыход, новыя ўмовы эканамічнага развіцця”, – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Жак Міньян у сваю чаргу выказаў гатоўнасць зрабіць усё магчымае і найлепшае для Беларусі на пасадзе кіраўніка місіі. Ён растлумачыў, што цяпер МВФ знаходзіцца ў так званым перыядзе назірання за краінай. „Мы больш не вядзём перагавораў па праграме, аднак падобная работа па назіранні і наглядзе за эканамічнай сітуацыяй вядзецца па многіх краінах свету”, – сказаў кіраўнік місіі МВФ. Жак Міньян звярнуў увагу, што ў папярэднія перыяды Беларусь прыклала намаганні як у частцы грашова-крэдытнай, так і бюджэтна-падатковай палітыкі, якія апраўдалі сябе і станоўча паўплывалі на макраэканамічную сітуацыю. У далейшым бакі маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў рамках плануемых у чацвёртым квартале 2018 года кансультацый з МВФ.

Як паведамлялася, місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з Жакам Міньянам, якая працуе ў Беларусі з 9 па 13 ліпеня, з’яўляецца планавай. Яе мэта – агляд бягучай эканамічнай сітуацыі ў краіне.

belta.by