Беларусь не атрымае сёмы транш еўразійскага крэдыту



Беларусь не зможа атрымаць сёмы транш крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), бо тэрміны даступнасці гэтага крэдыту мінулі.

„Праграма з ЕФСР закрытая, сёмага траншу не будзе”, — распавёў БелаПАН суразмоўца ў фінансавых колах.

Перамовы аб новым крэдыце Беларусі з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, галоўным донарам якога выступае Расея, не вядуцца.

„Цяпер ідзе праца над праграмай па паглыбленні інтэграцыі з Расеяй. Толькі пасля яе падпісання расейскі бок гатовы перайсці да абмеркавання іншых пытанняў, якія ў тым ліку датычацца выдзялення фінансавання Беларусі”, — распавёў суразмоўца.

Беларускія ўлады раней разлічвалі атрымаць ад Расеі міждзяржаўны крэдыт на 600 млн долараў, а таксама сёмы транш крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця на 200 млн долараў. Меркавалася, што гэтыя сродкі паступяць у Беларусь у 2019 годзе, аднак гэтага не адбылося.

Крэдытную праграму з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця Беларусь заключыла ў 2016 годзе на 2 млрд долараў. За 2016—2018 гады Беларусь атрымала шэсць з сямі траншаў крэдыту на 1,8 млрд долараў. Перамовы аб атрыманні сёмага вяліся ў першай палове 2019 года.

Пры гэтым за час рэалізацыі крэдытнай праграмы ўмовы выдзялення траншаў некалькі разоў карэктаваліся. Паводле звестак БелаПАН, беларускі бок выканаў усе удакладненыя ўмовы атрымання сёмага траншу крэдыту.

На думку фінансавых аналітыкаў, Беларусь не змагла атрымаць сёмы транш крэдыту ЕФСР з палітычных прычын.

„ЕФСР падобны да міжнароднага фінансавага інстытута, але ў той жа час палітычна ангажаваны. Калі ў краіны, якая просіць грошай, узнікае канфлікт з галоўным акцыянерам фонду (Расеяй), то фінансавыя пытанні аказваюцца ў падвешаным стане”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык „Альпары” Вадзім Іосуб.

Як паведамлялася, Беларусь з Расеяй ужо больш за год не могуць дамовіцца па ключавых нафтагазавых пытаннях. Беларускія ўлады настойваюць на кампенсацыі негатыўных наступстваў, выкліканых падатковым манеўрам ў нафтавай галіне Расеі. Акрамя гэтага, афіцыйны Менск дамагаецца зніжэння цаны на расійскі газ. Аднак ні па адным з гэтых пытанняў дамовіцца пакуль не ўдалося. Расейскія ўлады абумоўліваюць урэгуляванне нафтагазавых пытанняў з Беларуссю рэалізацыяй праграмы па паглыбленні эканамічнай інтэграцыі дзвюх краін.

belapan.by