Беларусь пачала імпарт нарвежскай нафты



Беларусь пачала імпарт нарвежскай нафты пасля таго, як Масква ў студзені рэзка скараціла пастаўкі нафты Urals на НПЗ рэспублікі з-за рознагалоссяў адносна цаны на расейскую сыравіну.

Расія з пачатку 2020 года істотна скараціла экспарт нафты ў Беларусь, не дамовіўшыся аб умовах паставак і коштах на сыравіну. Менск пачаў пошук іншых крыніц нафты, прычым НПЗ Беларусі цяпер працуюць з мінімальнай загрузкай.

На мінулым тыдні Латвія і Беларусь абмеркавалі магчымасць выкарыстання латвійскіх партоў для арганізацыі альтэрнатыўных паставак нафты.

У панядзелак дзяржканцэрн Белнафтахім паведаміў, што падкантрольная яму Беларуская нафтавая кампанія (БНК) купіла партыю нарвежскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда 22 студзеня.

Нафта будзе пастаўлена чыгуначным транспартам на Наваполацкі НПЗ, удакладніў прадстаўнік канцэрна.

Па ацэнцы крыніцы ў порце, пастаўка нафты з Клайпеды ў напрамку Наваполацкага НПЗ абыйдзецца Беларусі істотна даражэй імпарту па нафтаправодах – перавалка і транспарціроўка да завода па чыгунцы будуць каштаваць звыш $ 20 за тону.

Беларусь раней неаднаразова імпартавала альтэрнатыўныя расейскай гатункі нафты, пастаўляла лёгкія гатункі Santa Barbara і Azeri Light на свае заводы, аднак пастаўкі заўсёды насілі эпізадычны і дэманстратыўны характар. Альтэрнатывы расейскай нафты абыходзяцца Беларусі значна даражэй.

Пастаўкі на рынак Johan Sverdrup пачаліся восенню 2019 гады пасля запуску аднайменнага радовішча на шэльфе Нарвегіі. Гатунак з’яўляецца канкурэнтам Urals на рынку Еўропы, паколькі мае вельмі блізкія якасныя характарыстыкі.

reuters.com