Беларусь пачала пастаўляць мяса птушкі ў Кітай



Беларусь пачала пастаўляць мяса птушкі ў Кітай, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў у час III Экспартнага форуму „Беларусь мясная”.

„У студзені-верасні 2018 года экспарт мяса птушкі склаў 125 тыс. т на агульную суму $186 млн. Пастаўкі ажыццяўляліся ў 14 краін свету. Нарошчваюцца пастаўкі ў Арменію, Азербайджан, Кыргызстан, Расею, Таджыкістан, Узбекістан, В’етнам, Грузію. Нам удалося паспяхова прайсці сертыфікацыю для паставак мяса птушкі на кітайскі рынак. Пачаты першыя адгрузкі, на сёння пастаўлена 207 т. Тавар прыбыў ужо ў Кітай. Да канца года плануем пашырыць асартымент пастаўляемай прадукцыі, дадаткова сертыфікаваўшы для кітайскага рынку субпрадукты, лапкі і некаторыя іншыя часткі птушкі, якія не ўвайшлі ў першапачатковы спіс. Гэта дасць магчымасць значна ўзмацніць нашы пазіцыі на гэтым рынку”, – сказаў Аляксей Багданаў.

У студзені-верасні 2018 года было пастаўлена на экспарт больш як 110 тыс. т ялавічыны на суму $401 млн. Асноўныя пастаўкі ажыццяўляюцца ў Расею, Казахстан, Азербайджан, Арменію. „Поспехам 2018 года можна назваць пачатак паставак ялавічыны ў Кітай – 116 т на суму $540 тыс.”, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ЗЭД.

На права паставак ялавічыны ў КНР цяпер сертыфікаваны два беларускія мясакамбінаты – ТАА „Вялес-Міт” і ААТ „Магілёўскі мясакамбінат”. Таксама для паставак у Кітай адкрыты пяць птушкафабрык – ААТ „Агракамбінат „Дзяржынскі”, ААТ „Віцебская бройлерная птушкафабрыка”, ААТ „Птушкафабрыка „Дружба”, СЗАТ „Сервалюкс”, ААТ „Смалявічы Бройлер”.

III Экспартны форум „Беларусь мясная” праходзіць у Менску 20-21 лістапада. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і галіновы часопіс „Продукт.BY”. Удзельнікамі мерапрыемства сталі дэлегаты з 10 краін. На форуме пройдуць адкрытыя дыскусіі па дыверсіфікацыі экспартных паставак, узаемадзеянні вытворчых кампаній з рознічнымі сеткамі, новым тэхрэгламентам і функцыянаванні электроннай сістэмы ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі і прасочвальнасці жывёл.

belta.by