Беларусь павялічыла экспарт малочнай прадукцыі ў Казахстан у 2,5 разу
У першым квартале экспарт беларускага малака і малочнай прадукцыі склаў 244,3 тыс. тон, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.
У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года экспарт у фізічным выражэнні вырас на 2,9%, у вартасным — знізіўся на 7% да 488,5 млн долараў. Асноўны аб’ём малочнай прадукцыі (236,9 тыс. тон) Беларусь паставіла ў краіны СНД.
У фізічным выражэнні беларускі экспарт малака і малочнай прадукцыі ў Расею знізіўся на 4,1% да 212,9 тыс. тон. Пры гэтым экспарт беларускага малака і малочнай прадукцыі ў Казахстан склаў у першым квартале 15,1 тыс. тон і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў 2,5 разу.
Рассельгаснагляд, заяўляючы аб парушэннях якаснага складу беларускай малочнай прадукцыі, на працягу апошняга года пастаянна ўводзіць абмежаванні на доступ беларускіх вытворцаў на расійскі рынак. Такая сітуацыя вымушае беларускія прадпрыемствы шукаць альтэрнатыўныя рынкі збыту.
На гэтым тыдні Рассельгаснагляд заявіў, што беларускія прадпрыемствы, якія трапілі пад санкцыі, спрабуюць у абход устаноўленых абмежаванняў прадаваць сваю прадукцыю ў Расеі. „Паводле дакументаў такая прадукцыя з Беларусі накіроўваецца ў Казахстан, а на справе рэалізуецца на тэрыторыі Расеі”, — падкрэслілі ў расейскім ведамстве.
Так, на адной з аўтадарог Смаленскай вобласці супрацоўнікамі ДІБДР у траўні „быў прыпынены рух пяці транспартных сродкаў, якія перавозілі сметанковае масла агульнай вагой 100 тон”. „Грузы ехалі ў абход афіцыйнага пункта ўліку”, — паведаміў Рассельгаснагляд.
Падчас адміністрацыйнага расследавання высветлілася, што вытворцам масла выступаў Слуцкі сыраробны камбінат, грузаадпраўшчыкам — „Мінаблмясамалпрам”, а атрымальнікам — казахстанская кампанія „Стэп майстар плюс”.
Рассельгаснагляд папярэдзіў бізнес, што ўжо прыняты комплекс мер, які перашкаджае пастаўкам беларускай санкцыйнай прадукцыі ў Расею пад прыкрыццём такога роду схем.
Каб пазбегнуць „істотных фінансавых страт, звязаных з вяртаннем грузаў”, Рассельгаснагляд не рэкамендаваў „пры пастаўках прадукцыі дапускаць парушэнні патрабаванняў дзейнага заканадаўства”.
belapan.by
