Беларусь пазычыць грошы, каб аддаць пазыкі



Паводле звестак на жнівень, замежная пазыка Беларусі складала звыш 13 мільярдаў даляраў. Міністэрства фінансаў заяўляе, што ў наступным годзе Беларусь пачне аддаваць замежныя пазыкі – гэта адзін з прыярытэтаў у бюджэце. Але значную частку грошай прыйдзецца на гэта зноў пазычыць. Пакуль невядома, пад які працэнт і на якіх умовах.

У праекце бюджэту на наступны год закладзена, што Беларусь накіруе 4 мільярды даляраў на выплату замежнай пазыкі. З гэтай сумы 1 мільярд – гэта працэнты. Яшчэ 1,5 мільярда дзяржава спадзяецца выплаціць з паступленняў ад экспартных пошлін на нафтапрадукты, а таксама – звыш 500 мільёнаў – з даходаў ад продажу нафты. Дзе Міністэрства фінансаў збіраецца ўзяць яшчэ 1 мільярд, пакуль невядома.