Беларусь перакрыла адну галіну нафтавода „Дружба” у напрамку Польшчы



„Гомельтранснафта” на трое сутак абмежавала прапампоўку нафты па нафтаводзе «Дружба» у напрамку Польшчы.

«З учорашняга дня „Гомельтранснафта” пачала пазапланавы рамонт на адной з галін магістральнага нафтавода „Дружба”, абмежаваўшы прапампоўку ў напрамку Адамавай Заставы (Польшча) арыенціровачна на трое сутак, пры гэтым планавае заданне месяца не пераглядаецца» — цытуе ТАСС афіцыйнага прадстаўніка «Транснафты» Ігара Дзёміна.

Нагадаем, днямі Лукашэнка ў сувязі з міграцыйным крызісам і чаканымі санкцыямі сказаў, што Еўропе «варта падумаць» пра транзіт газу праз Беларусь, які ідзе праз магістральны газавод «Ямал-Еўропа». Са свайго боку кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што рэжым у Менску гатовы пайсці на любыя самыя жорсткія і крайнія меры ў адказ на ўвядзенне 5-га пакета санкцый ЕС.

Нафтавод «Дружба» забяспечвае пастаўкі нафты на беларускія НПЗ і яе транзіт у Еўропу. Трубавод бярэ свой пачатак у Самарскай вобласці, праходзіць праз Бранск і далей разгаліноўваецца на два ўчасткі: паўночны і паўднёвы, праходзіць праз Беларусь, Украіну, Польшчу, Чэхію, Славакію, Германію, Венгрыю, Латвію, Літву.

ААТ «Гомельтранснафта Дружба» ажыццяўляе перапампоўку нафты, якая паступае з расейскай часткі нафтавода «Дружба» ў напрамку краін Заходняй і Усходняй Еўропы, забяспечвае вуглевадароднай сыравінай беларускую нафтахімію, ажыццяўляе транспарціроўку нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі.