Беларусь плануе здабываць золата ў Судане



Беларусь плануе здабываць золата ў Судане, а ўласны залатаносны ўчастак аддаць у канцэсію, паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель 19 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яго слоў, сёння ў Судане зарэгістраваная і працуе кампанія з прыватным беларускім капіталам, якую падтрымлівае беларускі ўрад. „Мы сумесна праводзім работы па геаразведцы з мэтай здабычы золата ў Судане. Я думаю, там у нас і ў гэтай кампаніі ёсць добрыя шанцы. Гэта вопыт і прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства”, — адзначыў намеснік міністра.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ёсць пэўная рызыка для кампаніі працаваць у Судане. „Але мы падтрымліваем гэты праект, ёсць дамоўленасці на ўзроўні кіраўнікоў дзвюх дзяржаў. Але хутка з’явіцца пасольства Судана, яго кіраўнік у кастрычніку плануе наведаць Беларусь”, — паведаміў Хмель. Ён таксама расказаў, што суданскія геолагі нядаўна прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі ў Менску.

Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мінпрыроды Васіль Колб, пошукі залатаносных участкаў у Беларусі вяліся яшчэ ў рамках дзяржпраграмы 2011—2015 гадоў у Стаўбцоўскім раёне, па выніках якіх выдзелены перспектыўны ўчастак „Зуберава”. На глыбінях 300—500 метраў „выяўлены праявы золата”. „Для далейшага ўключэння ў гаспадарчы абарот трэба правесці поўны цыкл геолагаразведачных работ. У гэтых мэтах Мінпрыроды ў мінулым годзе ўнесла прапанову ў Мінэканомікі для ўнясенне гэтага ўчастка ў пералік радовішчаў, прапанаваных у канцэсію. Было прынята рашэнне аб перадачы гэтага ўчастка для заключэння дагавора з канцэсіянерам на правядзенне геолагаразведачных работ”, — расказаў спецыяліст.

Паводле яго слоў, пакуль канцэсіянер не знойдзены. „Праца па абвяшчэнні і правядзенні конкурсу, заключэнне дагавора ўскладзена на Мінаблвыканкам. І ім прымаюцца ўсе меры для таго, каб канцэсіянер быў знойдзены”, — падсумаваў Колб.

belapan.by