Беларусь прапанавала Судану дапамогу ў разведцы і здабычы нафты і газу



Беларусь і Судан абмяркавалі магчымасць удзелу беларускіх прадпрыемстваў у разведцы і распрацоўцы нафтавых і газавых радовішчаў Судана. Аб гэтым у інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1” паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

„Ёсць тэма для размовы па даразведцы і здабычы нафты і газу, удзелу ва ўсіх гэтых працэсах”, – удакладніў віцэ-прэм’ер. Абмяркоўваюцца таксама магчымасці пастаўкі ў Судан абсталявання беларускай вытворчасці для гэтых мэт. „У нас ёсць абсталяванне і для нафтагазавай разведкі, і для нафтаздабычы – гэта значыць у самым розным плане мы можам супрацоўнічаць”, – дадаў Уладзімір Сямашка.

Акрамя партнёрства ў паліўна-энергетычнай сферы, бакі разглядаюць перспектывы ўзаемадзеяння ў іншых галінах эканомікі, у тым ліку ў машынабудаванні і сельскай гаспадарцы.

Як праінфармаваў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Егіпце і Судане па сумяшчальніцтве Сяргей Рачкоў, Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з Суданам па шэрагу напрамкаў. „Візіт Прэзідэнта ў Судан можна аднесці да знакавых візітаў. Эканамічны эфект – гэта кантракты на агульную суму больш як $40 млн. Спадзяюся, гэта сума будзе падвоена, а, можа, нават і патроена літаральна на працягу года”, – сказаў ён.

belta.by