Беларусь прапануе перагледзець схему фармавання цэн на транзіт газу



Беларусь прапануе Казахстану і Расеі перагледзець схему фармавання цэн на транзіт газу ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, паведаміў першы намеснік міністра энергетыкі Віктар Каранкевіч, выступаючы 23 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў.

Ён сказаў, што падрыхтаваны праект праграмы па фармаванні агульнага рынку газу ў ЕАЭС, зараз ён праходзіць узгадненне зацікаўленых бакоў.

Каранкевіч заявіў, што ў Беларусі ёсць „прынцыповая заўвага”, якая тычыцца фармавання тарыфаў на транзіт газу па тэрыторыі ЕАЭС, хоць Казахстан і Расея прапануюць захаваць дзейную цяпер схему.

Першы намеснік міністра паведаміў, што сёлета ў кошце газу 70% складалі выдаткі на яго транзіт. У сувязі з гэтым, сказаў ён, для Беларусі важна, каб тарыфы адпавядалі тарыфам у Казахстане і Расіі. „Гэта створыць роўныя ўмовы суб’ектам гаспадарання”, — падкрэсліў Каранкевіч.

Як паведамлялася, сёння Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пратакол аб унясенні зменаў у міжурадавае пагадненне з Расеяй аб парадку фармавання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспартаванні па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, ад 25 лістапада 2011 года і далейшым супрацоўніцтве ў газавай сферы.

Дакументам, у прыватнасці, прадугледжаная неабходнасць выпрацаваць да 1 студзеня 2018 года прапановы па праграме фармавання агульнага рынку газу ЕАЭС. Пратакол таксама прадугледжвае неабходнасць забяспечыць унясенне да 1 ліпеня 2019 года зменаў у пагадненне, якія прадугледжваюць вызначэнне цаны на газ для Беларусі з 1 студзеня 2020 года з улікам неабходнасці стварэння ўмоў па фармаванні да 1 студзені 2025 гады агульнага рынку газу ЕАЭС.

belapan.by