Беларусь працягвае перамовы з МВФ па новай крэдытнай праграме



Беларусь працягвае перамовы з Міжнародным валютным фондам (МВФ) па новай крэдытнай праграме, паведаміў журналістам 2 лютага ў Менску першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.

„Кансультацыі з МВФ не спыняліся. Працягваецца праца і ўзаемадзеянне па бюджэтных пытаннях. Але што да бюджэту 2017 года, ён не супярэчыць тым чаканням МВФ, якія нашы калегі выказалі пры падрыхтоўцы праграмы. Засталіся некаторыя спецыфічныя моманты, якія працягваюць абмяркоўвацца для нашага ўзаемнага будучага разумення ўсёй структуры праграмы. Яны ў большай ступені знаходзяцца ў плоскасці ўзаемадзеяння экспертаў”, — заявіў Ермаловіч.

Адносна магчымасці найбліжэйшым часам візіту чарговай місіі МВФ у Беларусь або перамоваў з фондам на міжнародных пляцоўках першы намеснік міністра сказаў: „Сёння не трэба нікуды ездзіць, каб высвятляць пытанні”.

На пытанне БелаПАН аб ходзе перамоў па выдзяленні трэцяга траншу крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), Ермаловіч адказаў, што Беларусь з фондам знаходзіцца ў актыўнай фазе праграмы. „Чакаем пасяджэння, чакаем рашэння савета фонду”, — адзначыў намеснік міністра.

Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні новага крэдыту МВФ на 3 млрд долараў прыкладна пад 2,3% тэрмінам на 10 гадоў. Пра тое, што перамовы Беларусі з МВФ ідуць канструктыўна, але засталіся дзве складаныя групы пытанняў — аб змене тарыфаў ЖКГ і аб удасканаленні працы дзяржсектара эканомікі — паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 20 снежня ў інтэрв’ю Reuters. „Супярэчнасцяў у частцы канцэптуальных падыходаў няма. Гаворка ідзе больш пра тэрміны. Мы — за больш плаўную дынаміку зменаў, а партнёры — за больш крутую дынаміку зменаў. Мы лічым, што ўжо вясной-летам мы будзем гатовыя прапанаваць далейшыя меры гэтага ўдасканалення”, — сказаў прэм’ер.

Беларускі бок разлічвае, што ў 2017 годзе работа па гэтых двух тэмах з МВФ будзе завершана, заявіў Кабякоў. „У прынцыпе, мы імкнемся да таго, каб пачаць праграму ў першай палове 2017 года. Але не любым коштам – мы хочам рабіць пераўтварэнні, якія неабходна рабіць, якія мы бачым і па якіх мы згодныя з МВФ. Але яны павінны адбывацца з адэкватнай хуткасцю , без цяжкіх сацыяльна-эканамічных наступстваў для грамадзян”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Як паведамлялася раней, Беларусь у сакавіку 2016 года падпісала праграму аб прыцягненні крэдыту ЕФСР на 2 млрд долараў, які выдзяляецца сямю траншамі. Для атрымання траншаў беларускія ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер па рэфармаванні эканомікі. На гэты момант беларускі бок атрымаў два траншы еўразійскага крэдыту — 500 млн долараў у сакавіку 2016 года і 300 млн — у ліпені. Мінфін разлічваў атрымаць трэці транш крэдыту ЕФСР у кастрычніку 2016 года, аднак гэтага не адбылося.

belapan.by